Грунвальдзкая бітва
From Wikipedia, the free encyclopedia
Гру́нвальдзкая бітва, Бітва пад Гру́нвальдам (у летапісе 1446 году — Дубро́венская бітва, у гістарычнай літаратуры — Танэнбэ́рская бітва[10]; польск. Bitwa pod Grunwaldem, лет. Žalgirio mūšis, укр. Грюнвальдська битва, ням. Schlacht bei Tannenberg) — вызначальная бітва Вялікай вайны 1409—1411 гадоў, якая адбылася 15 ліпеня 1410 году паміж саюзным літоўска-польскім і тэўтонскім войскамі. Саюз Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства пад кіраўніцтвам вялікага князя Вітаўта і адпаведна караля Ўладзіслава II Ягайлы здабыў вызначальную перамогу над войскам Тэўтонскага ордэну, якое кіравалася вялікім магістрам Ульрыхам фон Юнгінгенам. Большасьць крыжацкіх рыцараў была забітая або ўзятая ў палон. Нягледзячы на паразу, крыжакі вытрымалі аблогу сваёй сталіцы ў Марыенбургу (цяпер Мальбарк) і пацярпелі толькі мінімальныя тэрытарыяльныя страты ў выніку Торунскай дамовы 1411 году. Тэрытарыяльныя спрэчкі працягваліся да складаньня Мельнскага міру 1422 году. Тым ня менш, крыжакі не былі здольныя аднавіць ранейшую сілу Ордэну, і фінансавы цяжар рэпарацыяў прычыніўся да нутраных канфліктаў і эканамічнага спаду на крыжацкіх землях. Грунвальдзкая бітва пераразьмеркавала балянс сілаў ва Ўсходняй Эўропе і зазначыла ўзыход саюза Польшчы і ВКЛ да ўзроўню дамінуючай палітычна-вайсковай фармацыі ў рэгіёне.
- Гэтая назва мае некалькі сэнсаў. Калі вас цікавяць іншыя сэнсы, глядзіце таксама Грунвальдзкая бітва (неадназначнасьць).
Грунвальдзкая бітва | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
«Грунвальдзкая бітва». Ян Матэйка (1878) | |||||||||
| |||||||||
Супернікі | |||||||||
Рутэнія,[2] Мазовія,[3] Малдавія,[4] Татары,[5] Чэхія, Багемія,[1] Маравія,[1] Валахія[6] | Тэўтонскі Ордэн, іншыя крыжакі і найміты з Заходняй Эўропы | ||||||||
Камандуючыя | |||||||||
Вітаўт Вялікі, літоўскі і польскі камандуючы [7] Уладзіслаў II Ягайла, фармальна галоўны камандуючы, ня ўдзельнічаў у бітве[1] Лугвен Джэлал ад-Дзін | Вялікі магістар Ульрых фон Юнгінген | ||||||||
Колькасьць | |||||||||
16 000 — 39 000[8] | 11 000 — 27 000[8] | ||||||||
Страты | |||||||||
4000—5000 загінулых 8000 параненых[9] | 8000 загінулых 14 000 палонных 200—400 братоў Ордэну забітых | ||||||||
У Грунвальдзкай бітве ад Літвы бралі ўдзел віленская, наваградзкая, берасьцейская, ваўкавыская, віцебская, гарадзенская, дарагічынская, кіеўская, ковенская, крамянецкая, лідзкая, медніцквая, мельніцкая, пінская, полацкая, троцкая, тры смаленскія, старадубская ды іншыя харугвы. Разам, з 40 літоўскіх харугваў, 28 былі з этнічнай тэрыторыі беларусаў[11][12]. Усе яны выступілі пад гербам Пагоняй, апрача 10 вялікакняскіх, якія выступілі пад гербам Калюмнамі[13].
Грунвальдзкая бітва была адной з найбуйнейшых бітваў Сярэднявечнай Эўропы і разглядаецца за найважнейшую перамогу ў гісторыі Польшчы і Літвы[14]. Бітву атачалі рамантычныя легенды і нацыяналістычная прапаганда, якая рабіла яе яскравым сымбалем змаганьня супраць захопнікаў і крыніцай нацыянальнай гордасьці. Цягам XX стагодзьдзя бітва выкарыстоўвалася нацысцкай і савецкай прапагандамі. Толькі ў апошнія дзесяцігодзьдзі гісторыкі наблізіліся да непрадузятай, навуковай ацэнкі бітвы, узгадняючыся з папярэднімі гістарычнымі крыніцамі, якія ў кожнай нацыі моцна адрозьніваюцца.