Марыяне
From Wikipedia, the free encyclopedia
Марыя́не — каталіцкая мужчынская манаская кангрэгацыя, заснаваная піярам блаславёным Станіславам Папчыньскім у Карабеўскай Пушчы (Польшча). Датай заснавання кангрэгацыі прынята лічыць 24 кастрычніка 1673 г. У 1699 г. яна была зацверджана Папам Рымскім Інакенціем XII. Апекуном кангрэгацыі быў кароль Ян III Сабескі. Паводле статута галоўнымі мэтамі ордэна былі пашырэнне культу Найсвяцейшай Дзевы Марыі і душпастырская дзейнасць сярод простых людзей. Да канца XVII ст. марыяне мелі ў Рэчы Паспалітай 3 кляштары. У сярэдзіне XVIII ст. марыяне з'явіліся ў Вялікім Княстве Літоўскім: у мястэчку Стаўраполі (пазней Марыямпале, Ковенскі павет), вёсцы Расна (Берасцейскі павет), вёсцы Міраслаў (Троцкі павет). У канцы XVIII ст. на тэрыторыі Віленскага біскупства дзейнічалі 2 кляштары (Марыямпале і Міраслаў) і 2 рэзідэнцыі: Янаў-Палескі (1776 г. — каля 1800 г.; цяпер горад Іванава Брэсцкай вобласці) і Воўпа (зачынены каля 1814 г., цяпер Ваўкавыскі раён). Вялікі духоўны цэнтр знаходзіўся таксама ў вёсцы Друя, Віцебская вобласць. На працягу XIX ст. установы марыян у Расійскай імперыі скасоўваліся, у 1904 г. быў зачынены апошні кляштар у Марыямпале.
Поўная назва | Кангрэгацыя Айцоў Марыян Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі |
---|---|
Лацінская назва | Congregatio Clericorum Marianorum ab Immaculata Conceptionis Beatissimae Virginis Mariae |
Скарачэнне | M.I.C. |
Царква | Каталіцкая Царква |
Дэвіз |
Pro Christo et Ecclesia |
Заснавальнік | Блаславёны Станіслаў Папчыньскі |
Дата заснавання | 24 кастрычніка 1673 г. |
Год зацвярджэння | 1699 |
Колькасць удзельнікаў | 499 (2015 г.)[1] |
Колькасць беларусаў | 16 (2015 г.) |
Афіцыйны сайт |
Кангрэгацыя Айцоў Марыян была адноўлена ў 1909 годзе літоўскім святаром (пазней біскупам Вільні) — блаславёным Юрыем Матулевічам, прафесарам Духоўнай Акадэміі ў Санкт-Пецярбургу, дзеля душпастырскай і апостальскай працы «для Хрыста і Царквы». Новая Канстытуцыя марыян была зацверджана Папам Піем Х 28 лістапада 1910 г.
У служэнні Хрысту і Каталіцкай Царкве (лацінскага і візантыйскага абрадаў) кангрэгацыя марыян аб’ядноўвае святароў і братоў з розных краін пад заступніцтвам Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў кляштарах, на парафіях, місіянерскіх станцыях, каталіцкіх школах і інш.