Сінхроннае вярчэнне
From Wikipedia, the free encyclopedia
Сінхроннае вярчэнне (прыліўны захоп) — сітуацыя, калі перыяд абарачэння спадарожніка вакол сваёй восі супадае з перыядам яго абарачэння вакол цэнтральнага цела. Пры гэтым спадарожнік заўсёды звернуты да цэнтральнага цела адным і тым жа бокам, паколькі ён абарачаецца вакол сваёй восі за той жа час, які яму патрабуецца на абарот вакол свайго партнёра па арбіце. Прыліўны захоп адбываецца ў час узаемнага руху і характэрны для многіх буйных натуральных спадарожнікаў планет Сонечнай сістэмы, а таксама выкарыстоўваецца для стабілізацыі некаторых штучных спадарожнікаў. Калі розніца ў масах паміж двума целамі невялікая, то яны абодва могуць быць у прыліўным захопе адзін адносна другога, як у выпадку з Плутонам і Харонам.
Пры назіранні сінхроннага спадарожніка з цэнтральнага цела заўсёды бачны толькі адзін бок спадарожніка. Пры назіранні з гэтага боку спадарожніка цэнтральнае цела «вісіць» у небе нерухома. З адваротнага ж боку спадарожніка цэнтральнае цела ніколі не бачнае.
Калі вось уласнага вярчэння спадарожніка не перпендыкулярная плоскасці арбіты, назіраюцца лібрацыі па шыраце, а калі арбіта спадарожніка значна адрозніваецца ад акружнасці, то лібрацыі па даўгаце.
Сінхроннае вярчэнне з’яўляецца раўнаважкім станам у нябеснай механіцы. Калі першапачаткова перыяд абарачэння спадарожніка вакол планеты і перыяд яго вярчэння вакол восі розныя, узнікаюць прыліўныя хвалі, якія тармозяць ці разганяюць вярчэнне вакол восі.