Ядзерная энергія
энэргія, якая ўтрымліваецца ў атамным ядрах і вылучаецца пра ядзерных рэакцыях і радыяактыўным распадзе / From Wikipedia, the free encyclopedia
Ядзерная энергія (атамная энергія) — энергія, якая ўтрымліваецца ў атамных ядрах і выдзяляецца пры ядзерных рэакцыях і радыеактыўным распадзе. Атамныя электрастанцыі, якія выпрацоўваюць такую энергію, у 2012 годзе выраблялі 13 % сусветнай электраэнергіі і 5,7 % агульнай сусветнай вытворчасці энергіі[1][2]. Згодна са справаздачай Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), на пачатак 2013 года налічваецца[3] 437 дзеючых ядзерных энергетычных (г.зн. тых, што выпрацоўваюць электрычную і/ці цеплавую энергію для спажыўцоў)[4] рэактараў у 31 краіне свету.[5]. Акрамя таго, на розных стадыях будаўніцтва знаходзіцца яшчэ 68 энергетычных ядзерных рэактараў у 15 краінах[3]. На цяперашні час у свеце ёсць таксама каля 140 дзеючых надводных караблёў і падводных лодак, якія выкарыстоўваюць у суме каля 180 рэактараў.[6][7][8] Некалькі ядзерных рэактараў былі выкарыстаны ў савецкіх і амерыканскіх касмічных апаратах, частка з іх усё яшчэ знаходзіцца на арбіце. Акрамя таго, для шэрагу задач выкарыстоўваецца ядзерная энергія, што выпрацоўваецца ў нерэактарных крыніцах (напрыклад, у тэрмаізатопных генератарах).
Пры гэтым не спыняюцца спрэчкі аб выкарыстанні ядзернай энергіі[9][10]. Праціўнікі ядзернай энергетыкі (у прыватнасці, такія арганізацыі, як «Грынпіс») лічаць, што выкарыстанне ядзернай энергіі пагражае чалавецтву і навакольнаму асяроддзю[11][12][13]. Абаронцы ядзернай энергетыкі (МАГАТЭ, Сусветная ядзерная асацыяцыя і г. д.), у сваю чаргу, сцвярджаюць[14], што гэты від энергетыкі дазваляе знізіць выкіды парніковых газаў у атмасферу і пры правільным выкарыстанні нясе значна менш рызыкі для навакольнага асяроддзя ў параўнанні з іншымі відамі энергаздабычы.