Анды
From Wikipedia, the free encyclopedia
А́нды (па-гішпанску: Cordillera de los Andes) — найдаўжэйшая й адна з самых высокіх горных сыстэмаў Зямлі. Анды цягнуцца па ўсім заходнім узьбярэжжы Паўднёвай Амэрыкі ад Вэнэсуэлы праз Калюмбію, Эквадор, Пэру, Балівію, Аргентыну й Чылі. Месцамі Анды дасягаюць шырыні больш за 500 км, найбольшая шырыня да 750 км — у Цэнтральных Андах, паміж 18° і 20° пд. ш. Сярэдняя вышыня — каля 4000 м. Анды зьяўляюцца буйным міжакіянскім водападзелам; на ўсход ад Андаў цякуць рэкі басэйна Атлянтычнага акіяна, у прыватнасьці ў Андах бяруць пачатак Амазонка й шматлікія ейныя буйныя прытокі, а таксама прытокі Арынока, Парагваю, Параны, рэкі Магдалены й рэкі Патагоніі, на захад — басэйна Ціхага акіяна, пераважна кароткія.
Найвышэйшы пункт | |
---|---|
Аканкагуа | |
Вышыня | 6962 м н. у. м. |
Памеры | |
Даўжыня |
|
Шырыня | 500 km |
Плошча |
|
Геаграфія | |
Месцазнаходжаньне | Паўднёвая Амэрыка |
Краіны | Вэнэсуэла, Калюмбія, Эквадор, Пэру, Балівія, Аргентына, Чылі |
Горная сыстэма | Кардыльеры |
Анды служаць найважнейшым у Паўднёвай Амэрыцы кліматычным бар’ерам, ізалюючы тэрыторыі на захад ад Галоўнай Кардыльеры ад уплыву Атлянтычнага акіяна, на ўсход — ад уплыву Ціхага акіяна. Горы ляжаць у 6 кліматычных паясах — у экватарыяльным, паўночным і паўднёвым субэкватарыяльным, паўднёвым трапічным, субтрапічным і ўмераным, і адрозьніваюцца, асабліва ў цэнтральнай частцы, рэзкімі кантрастамі ва ўвільгатненьні ўсходніх і заходніх схілаў. Праз значную працягласьць Андаў асобныя іхныя ляндшафтныя часткі значна адрозьніваюцца адзін ад аднаго. Па характары рэльефу й іншых прыродных адрозьненьнях, як правіла, вылучаюць тры асноўныя рэгіёны — Паўночныя, Цэнтральныя й Паўднёвыя Анды.