Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы
міжнародны вайсковы блёк / From Wikipedia, the free encyclopedia
Арганіза́цыя Паўночнаатлянты́чнай дамо́вы (скарот: АПАД[2]; франц. l'Organisation du traité de l'Atlantique nord, OTAN, анг. North Atlantic Treaty Organisation, NATO — трансьліт. НАТО[3][4]) — міжнародная арганізацыя калектыўнай бясьпекі і міжурадавы вайсковы хаўрус, які функцыянуе на аснове Паўночнаатлянтычнай дамовы, падпісанай 4 красавіка 1949 году ў Вашынгтоне.
Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы | |
анг. North Atlantic Treaty Organisation франц. l'Organisation du traité de l'Atlantique nord | |
Сьцяг | |
Дзяржавы-ўдзельніцы | |
Абрэвіятура | АПАД |
---|---|
Дата ўтварэньня | 4 красавіка 1949 (75 гадоў таму) |
Тып | вайсковая |
Юрыдычны статус | міжнародная арганізацыя |
Мэта | супольная бясьпека |
Штаб-кватэра | Брусэль |
Месцазнаходжаньне | Бэльгія |
Сяброўства | 32 дзяржавы Паўночнага паўшар’я |
Афіцыйныя мовы | ангельская, француская |
Генэральны сакратар | Енс Стольтэнбэрг |
Кіраўнік вайсковага камітэту | Роб Баўэр |
Кіроўны орган | Паўночнаатлянтычная рада |
Бюджэт | $945,962 млрд (2017 г.)[1] |
Сайт | nato.int |
Таксама вядомая як Паўночнаатлянты́чны алья́нс (зьвяз[5], блёк[6] або хаўрус[7]). Гэта сыстэма калектыўнай абароны, згодна зь якой удзельнікі арганізацыі згаджаюцца да ўзаемнай абароны ў адказ на напад з боку ўсякага замежнага агрэсара. Штаб-кватэра знаходзіцца ў Бэльгіі, у Брусэлі. Працоўныя мовы — ангельская і француская. На 2024 год у склад арганізацыі ўваходзіла 32 дзяржавы, якія месьціліся ў Паўночнай Амэрыцы і Эўропе. Найноўшым сябрам была Швэцыя, якая далучылася да зьвязу ў сакавіку 2024 году. 19 краінаў ўдзельнічалі ў праграме арганізацыі Партнэрства дзеля міру. Акрамя таго, 19 іншых краінаў сьвету мелі афіцыйныя праграмы дыялёгу з блёкам. У 2016 гозе камбінаваныя вайсковыя выдаткі ўсіх сяброў складалі больш за 70% ад агульнасусьветнага аб’ёму выдаткаў у вайсковую сфэру[8]. Выдаткі на абарону ўдзельнікаў складаюць каля 2% СУП[9], а ў 2022 годзе скараціліся да 55%. Артыкул 5 Паўночнаатлянтычнай дамовы, паводле якога ўсе сябры зьвязу мусяць прыйсьці на дапамогу да іншай дзяржавы-ўдзельніцы ў выпадку ўзброенага нападу на яе, ужываўся толькі аднойчы — праз тэракты 11 верасьня 2001 году[10], па чым войскі дзяржаваў НАТО былі разгорнутыя ў Аўганістане. Арганізацыя ажыцьцяўляе сваю дзейнасьць праз шэраг дадатковых праграмаў, як то дзейнасьць вайсковых інструктараў у Іраку, дапамогу ў змаганьні зь пірацтвам[11]. У 2011 годзе арганізацыя ўсталявала беспалётную зону над Лібіяй у адпаведнасьці з рэзалюцыяй 1973 Рады Бясьпекі ААН. Артыкул 4, які прадугледжвае правядзеньне кансультацыяў паміж дзяржавамі-сяброўкамі, застасоўваўся чатыры разы. У 2003 годзе правам скліканьня скарысталася Турэччына падчас ірацкай вайны. Двойчы ў 2012 годзе Турэччына выкарыстала права на артыкул 4 па зьбіцьці турэцкага выведвальнага самалёту F-4 падчас сырыйскай грамадзянскай вайны і па мінамётным абстрэле Турэччыны з боку тэрыторыі Сырыі[12]. У 2014 годзе Польшча выступіла ініцыятарам правядзеньня кансультацыяў блёку па расейскай ваеннай інтэрвэнцыі ў Крыме[13].