Грамадзянская вайна ў Вялікім Княстве Літоўскім 1432—1438 гадоў
From Wikipedia, the free encyclopedia
Барацьба за пасад Вялікага Княства Літоўскага ў 30-х гадох XV стагодзьдзя разьвілася на фоне супярэчнасьцяў паміж элітамі Каралеўства Польскага і васальнага ў дачыненьні да яго Вялікага Княства Літоўскага пасьля абраньня вялікім князем літоўскім Сьвідрыгайлы Альгердавіча. Накіраваная на аднаўленьне незалежнасьці Вялікага Княства Літоўскага палітыка Сьвідрыгайлы прывяла да ахалоджаньня стасункаў з Каралеўствам Польскім. Сытуацыя яшчэ больш ускладнілася пасьля заняцьця палякамі Падольля, якое за Вітаўтам належыла Вялікаму Княству Літоўскаму, а таксама гвалтоўнага ўтрыманьня караля польскага Ягайлы ў сталіцы Вялікага Княства Літоўскага — Вільні. У распачаты неўзабаве вайсковы канфлікт былі ўцягнуты тэўтонскія рыцары, якія выступілі на баку Сьвідрыгайла і абвясьцілі палякам вайну.
- Гэтая назва мае некалькі сэнсаў. Калі вас цікавяць іншыя сэнсы, глядзіце таксама Грамадзянская вайна ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Грамадзянская вайна ў ВКЛ 1432—1438 гадоў | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Помнік на месцы выніковай бітвы | |||||||||
| |||||||||
Супернікі | |||||||||
Усходняе Вялікае Княства Літоўскае (Полацак, Віцебск, Смаленск, Кіеў, Валынь) Тэўтонскі ордэн Лівонскі ордэн Залатая Арда | Заходняе Вялікае Княства Літоўскае (Жамойцкае староства, Троцкае ваяводзтва, Віленскае ваяводзтва, Падляшша) Польскае каралеўства гусіты | ||||||||
Камандуючыя | |||||||||
Сьвідрыгайла Жыгімонт Карыбутавіч † Пауль фон Русдорф Франка Керскорф † | Жыгімонт Кейстутавіч Міхал Жыгімонтавіч Ягайла Ян Чапэк | ||||||||
Канфлікт набыў характар грамадзянскай вайны ў 1432 годзе, калі пры дапамозе палякаў другі кандыдат на літоўскі пасад — Жыгімонт Кейстутавіч — зьдзейсьніў замах на Сьвідрыгайлу, абвясьціў яго мёртвым і быў абраны вялікім князем літоўскім. У якасьці вялікага князя Жыгімонт быў прызнаны пераважны на заходніх землях дзяржавы, якія некалі належылі яго бацьке, у той час як Сьвідрыгайла, якому ўдалося пазьбегнуць сьмерці, асталяваўся ва ўсходніх землях Вялікага Княства Літоўскага, дзе мясцовая шляхта працягвала прызнаваць вялікім князем менавіта яго. Актыўная фаза грамадзянскай вайны праходзіла да 1435 году, калі ў вырашальнай бітве пад Вількамірам войска Сьвідрыгайлы і яго саюзьнікаў было разьбіта паплечнікамі Жыгімонта Кейстутавіча. Апошнія атрады Сьвідрыгайлы былі пераможаныя пад канец 1437 году. Жыгімонт, які прыйшоў да ўлады, кіраваў усяго 8 гадоў — у 1440 годзе ён быў забіты ў выніку змовы.