Гісторыя Беларусі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Гісторыя Белару́сі — мінулае разьвіцьцё грамадзтва Беларусі ў ходзе разгортваньня ўзаемадзеяньня чалавечых супольнасьцяў з часоў старажытнасьці. Ахоплівае зьявы грамадзкага жыцьця ад засяленьня земляў Беларусі чалавекам каля 100 тысячаў гадоў таму.
Пісьмовая гісторыя Беларусі пачалася з 862 году, калі Полацак згадваецца ў якасьці першага дзяржаваўтваральнага асяродку — цэнтру Полацкага княства. У 1307 годзе яно далучылася да Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), якое ўтварылася ў сярэдзіне XIII ст. вакол Наваградку і неўзабаве аб’яднала ўсе этнічныя беларускія землі. У 1569 годзе ВКЛ утварыла Рэч Паспалітую з Каралеўствам Польскім, на карысьць якога страціла Падляшша і ўкраінскія землі. У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай у 1772—1795 гадах землі Беларусі апынуліся пад уладай Расейскай імпэрыі, якая праводзіла палітыку гвалтоўнай русіфікацыі. У пэрыяд распаду Расейскай імпэрыі 25 сакавіка 1918 году беларусы абвясьцілі пра сваю незалежнасьць утварэньнем Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Аднак БНР ня здолела абараніць сваю тэрыторыю ад бальшавікоў, якія 1 студзеня 1919 году ўтварылі Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (БССР). Тым часам заходняя частка краіны ў выніку складзенага бальшавікамі Рыскага міру 1921 году апынулася пад уладай міжваеннай Польскай Рэспублікі і была далучаная да БССР толькі ў 1939 годзе ў выніку агрэсіі ў бок Польшчы Трэцяга Райху і Савецкага Саюзу (СССР). Беларусь страціла кожнага трэцяга свайго жыхара ў час спусташальнай Другой сусьветнай вайны[1], па сканчэньні якой у 1945 годзе стала адным зь сяброў-заснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. У час распаду СССР 27 ліпеня 1990 году парлямэнт БССР абвясьціў пра дзяржаўны сувэрэнітэт рэспублікі, а 25 жніўня 1991 году — пра незалежнасьць Беларусі. Першы прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка ў 1995 годзе ўсталяваў у краіне прарасейскі аўтарытарны рэжым[2][3][4], які выявіўся гвалтам, катаваньнямі і забойствамі беларусаў у час здушэньньня масавых пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году[5].