Дагістарычны час
From Wikipedia, the free encyclopedia
Дагістарычны час ці Першабытнае грамадзтва — умоўная назва пэрыяду ў гісторыі чалавецтва ад зьяўленьня чалавека да зьяўленьня першых клясавых грамадзтваў або паводле іншага вызначэньня да зьяўленьня пісьмовай гісторыі, то бок да зьяўленьня пісьменства. Часавыя межы пэрыяду вызначаюцца прыблізна ад 2,5 млн гадоў таму да 8—5 тысяч гадоў таму, але й у наш час існуюць пэрыфэрыйныя грамадзтвы, якія жывуць першабытнаабшчынным ладам. Тэрмін «дагістарычны» ўвайшоў ва ўжываньне ў XIX стагодзьдзі. У шырокім сэнсе слова «дагістарычны» дастасавальны да любога пэрыяду да вынаходзтва пісьменства, пачынаючы з моманту ўзьнікненьня Сусьвету, але ў вузкім — толькі да дагістарычнаму мінулагу чалавека. Паколькі, па вызначэньні, аб дадзеным пэрыядзе няма пісьмовых крыніцаў, пакінутых ягонымі сучасьнікамі, інфармацыю пра яго атрымліваюць, абапіраючыся на зьвесткі такіх навукаў, як то археалёгія, этналёгія, палеанталёгія, біялёгія, геалёгія, антрапалёгія, археаастраномія, паліналёгія.
Паколькі пісьменнасьць зьявілася ў розных народаў у розны час, да шматлікіх культураў тэрмін «дагістарычны» альбо не ўжываецца, альбо ягоны сэнс і часавыя межы не супадаюць з чалавецтвам у цэлым. У прыватнасьці, пэрыядызацыя дакалюмбавай Амэрыкі не супадае па этапах з Эўразіяй і Афрыкай. У якасьці крыніцаў аб дагістарычных часах культураў, да апошняга часу пазбаўленых пісьменства, могуць быць вусныя паданьні, якія перадаваліся з пакаленьня ў пакаленьне.
З прычыны, што дадзеныя аб дагістарычных часах зрэдку тычацца асобаў і нават не заўсёды кажуць што-небудзь пра этнас, асноўнай сацыяльнай адзінкай дагістарычнай эпохі чалавецтва зьяўляецца археалягічная культура. Усе тэрміны й пэрыядызацыя гэтай эпохі, як то панаваньне нэандэртальцаў ці жалезны век зьяўляюцца рэтраспэктыўнымі й у значнай ступені ўмоўнымі, а іхнае дакладнае вызначэньне зьяўляецца прадметам абмеркаваньня.