Другая Ўсебеларуская канфэрэнцыя
From Wikipedia, the free encyclopedia
Друга́я Ўсебелару́ская канфэрэ́нцыя, таксама Другая Ўсебеларуская палітычная канфэрэнцыя, Другая Нацыянальна-палітычная нарада, Бэрлінская канфэрэнцыя 1925 году — палітычная канфэрэнцыя, якая адбылася 12—16 кастрычніка 1925 году ў Бэрліне як нарада беларускіх палітычных дзеячаў у эміграцыі. Скліканая А. Цьвікевічам[1]. Зьявілася вынікам расколу ў беларускім эмігранцкім асяродзьдзі, а таксама пераменаў, што адбыліся ў 1921—1925 гг. у БССР і Заходняй Беларусі пасьля Першай Усебеларускай канфэрэнцыі (Прага, 1921 г.).
На Другую Ўсебеларускую канфэрэнцыю прыехалі З. Х. Жылуновіч і намесьнік паўнамоцнага прадстаўніка СССР у Польшчы А. Ульянаў. Перад канфэрэнцыяй Урад БНР прыняў 2 пастановы. Паводле 1-й, супраць якой галасаваў В. Захарка, Рада Народных Міністраў БНР спыняла сваю дзейнасьць і прызнала Менск «адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня Беларусі». Паводле 2-й, прынятай аднагалосна, Урад БНР абвяшчаўся зьліквідаваным. Пасьля гэтага Другая Ўсебеларуская канфэрэнцыя большасьцю галасоў прызнала Менск цэнтрам беларускага адраджэньня. Пастановы Рады Міністраў ня мелі сілы, бо яна не магла засядаць асобна ад Прэзыдыюму Рады БНР. Старшыня Рады БНР П. Крачэўскі й ягоны намесьнік В. Захарка не прызналі рашэньні Другой Усебеларускай канфэрэнцыі, а сябра Прэзыдыюму Рады БНР Я. Мамонька склаў пратэст на імя старшыні канфэрэнцыі К. Езавітава. Дзяржаўная пячатка засталася ў Крачэўскага, потым яна перадавалася наступным старшыням Рады БНР[1].