Загад НКУС №00447
From Wikipedia, the free encyclopedia
Загад НКУС №00447 (Апэратыўны загад народнага камісарыяту ўнутраных спраў СССР №00447 «Пра рэпрэсаваньне былых кулакоў, крымінальнікаў і іншых антысавецкіх элемэнтаў»; па-расейску: О репрессировании бывших кулаков, уголовников и других антисоветских элементов) — таемны загад НКУС ад 30 ліпеня 1937 году. На падставе гэтага загаду, пачынаючы ад жніўня 1937 і да лістапада 1938 году было арыштавана ад 800 000 да 820 000 чалавек, зь якіх ад 350 да 445 тысячаў былі забітыя, астатнія — адпраўлены ў ГУЛАГ. Такім чынам, прыняты раней плян — арыштаваць 233 700 чалавек і зь іх расстраляць 59 200 — былі шматкроць перавышаныя. Апэрацыя па гэтым загадзе стала самай масавай апэрацыяй Вялікага тэрору.
Сакрэтны загад быў абнародаваны толькі ў 1992 годзе. Знойдзеныя дакумэнты тых часоў аб яго падрыхтоўцы і правядзеньні даказваюць, што Камуністычная партыя Савецкага Саюзу і яе кіраўніцтва прымалі непасрэдны ўдзел у арганізацыі перасьледу і масавых сьмяротных пакараньнях.
Апрылюдненая інфармацыя пра гэты загад прымусіла перагледзець пануючую тады думку пра Вялікі тэрор, як на перасьлед савецкай эліты. У адрозьненьне ад адкрытых паказальных працэсаў, ці менш вядомых «нацыянальных апэрацыяў», апэрацыя па загадзе №00447 тычылася шараговых грамадзян Савецкага Саюзу: сялянаў, сельскага духавенства, асацыяльных элемэнтаў, крымінальнікаў і былых членаў апазыцыйных партыяў. Прысуды выносіліся не звычайнымі судамі, але тройкамі НКУС.