Капітал
маёмасьць, патрэбная для вытворчасьці іншых тавараў ці паслуг / From Wikipedia, the free encyclopedia
Капіта́л (па-лацінску: capitalis — галоўны) — у эканамічнай тэорыі фактар вытворчасьці, выражаны ў наяўных грашовых, тэхнічных і іншых матэрыяльных і нематэрыяльных сродках (чалавечы капітал, грашовы капітал і іншыя). Капітал ёсьць каштоўнасьцю, якая прыносіць дадатковы кошт. Капітальныя ўкладаньні матэрыяльных і грашовых сродкаў у эканоміку, вытворчасьць называюць капіталаўкладаньнямі ці інвэстыцыямі. У фундамэнтальным сэнсе капіталам ёсьць любая вырабленая рэч, якая можа палепшыць намаганьні чалавека да выкананьня эканамічна карыснай працы, як прыклад камень або страла зьяўлялася капіталам для пячорнага чалавека, які выкарыстоўваў іх у якасьці прыладаў паляваньня.
- Гэтая назва мае некалькі сэнсаў. Калі вас цікавяць іншыя сэнсы, глядзіце таксама Капітал (неадназначнасьць).
Вытворчы або фізычны капітал адрозьніваецца ад зямельнага або прыроднага капіталу, бо ў гэтым выпадку трэба прыкласьці чалавеку высілкі, перш чым зямельны капітал можа стаць фактарам вытворчасьці. Увесь фізычны капітал можа быць аднесены да асноўнага капіталу. Капітал зьяўляецца першасным паняткам у вытворчых функцыях. Дамы і асабістыя аўтамабілі звычайна не вызначаюцца як капітал, бо яны не выкарыстоўваюцца ў вытворчасьці тавараў і паслуг, у той час як аўтамабіль прадпрыемства, якое займаецца перавозкамі, будзе ўваходзіць у панятак капіталу.
У эканамічнай тэорыі Карла Маркса (гл. марксізм) капітал выкарыстоўваецца для таго, каб яго прадаць зноў, каб атрымаць фінансавы прыбытак, і для Маркса капітал існуе толькі ў працэсе эканамічнага абмену, то бок гэта ёсьць багацьце, якое вырастоўвае само сябе ў працэсе звароту, што й ёсьць асноўнай формай эканамічнае сыстэмы капіталізму[1]. У сучасных эканамічных школах, гэткая форма капіталу, як правіла, вызначаецца як «фінансавы капітал» і адрозьніваецца ад сродкаў вытворчасьці.
У наш час зацьвердзіліся такія тэрміны, як то чалавечы капітал, інтэлектуальны капітал, сацыяльны капітал і іншыя.