Касьмічнае сьмецьце
From Wikipedia, the free encyclopedia
Пад касьмічным сьмецьцем (КС) маюцца на ўвазе ўсе штучныя аб’екты і іх фрагмэнты ў космасе, якія ўжо не функцыянуюць і ніколі больш ня змогуць служыць ніякім карысным мэтам, але зьяўляюцца небясьпечным фактарам узьдзеяньня на тыя касьмічныя апараты (КА), што яшчэ функцыянуюць, асабліва пілятуемыя. У некаторых выпадках, буйныя або тыя аб’екты касьмічнага сьмецьця, што зьмяшчаюць на борце небясьпечныя (ядзерныя, таксычныя і да т. п.) матэрыялы, могуць уяўляць прамую небясьпеку і для Зямлі — пры іх некантралюемым сходзе з арбіты, няпоўным згараньні пры праходжаньні шчыльных пластоў атмасфэры Зямлі і выпадзеньні абломкаў на населеныя пункты, прамысловыя аб’екты, транспартныя камунікацыі і да т. п.
Праблема засьмечваньня калязямной касьмічнай прасторы «касьмічным сьмецьцем» як чыста тэарэтычная ўзьнікла па сутнасьці адразу пасьля першых запускаў штучных спадарожнікаў Зямлі ў канцы пяцідзясятых гадоў. Афіцыйны статус на міжнародным узроўні яна атрымала пасьля дакладу Генэральнага сакратара ААН пад назвай «Узьдзеяньне касьмічнай дзейнасьці на навакольнае асяродзьдзе» 10 сьнежня 1993 г., дзе асабліва адзначалася, што праблема мае міжнародны, глабальны характар: няма засьмечваньня нацыянальнай калязямной касьмічнай прасторы, ёсьць засьмечваньне касьмічнай прасторы Зямлі, якое аднолькава нэгатыўна ўплывае на ўсе краіны.
Неабходнасьць мер па памяншэньні інтэнсыўнасьці тэхнагеннага засьмечваньня космасу становіцца зразумелай пры разглядзе магчымых сцэнарыяў асваеньня космасу ў будучыні. Існуюць ацэнкі, так званы «каскадны эфэкт», які ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве можа ўзьнікнуць ад узаемнага сутыкненьня аб’ектаў і часьціц «касьмічнага сьмецьця». Пры экстрапаляцыі існых умоў засьмечваньня нізкіх калязямных арбіт (НКА), нават з улікам мер па зьніжэньні ў будучыні колькасьці арбітальных выбухаў (42 % усяго касьмічнага сьмецьця) і іншых мерапрыемстваў па памяншэньні тэхнагеннага засьмечваньня, гэты эфэкт можа ў доўгатэрміновай пэрспэктыве прывесьці да катастрафічнага росту колькасьці аб’ектаў арбітальнага сьмецьця на НКА і, як сьледзтва, да практычнай немагчымасьці далейшага асваеньня космасу. Мяркуецца, што «пасьля 2055 года працэс самаразмнажэньня рэшткаў касьмічнай дзейнасьці чалавецтва стане сур'ёзнай праблемай»[1]