Працэс «Зьвязу вызваленьня Ўкраіны»
From Wikipedia, the free encyclopedia
Працэ́с «Зьвя́зу вызвале́ньня Ўкраі́ны» — сфабрыкаваная АДПУ Украінскай ССР справа, якая выкрывала выдуманую антысавецкую арганізацыю сярод украінскай навуковай і царкоўнай інтэлігенцыі. Мэта — дыскрэдытацыя выбітных дзеячаў украінскай культуры і грамадзкага жыцьця ў рамках цэнтралізаванай палітыкі генацыду ўкраінскай нацыі, зьдзейсьненага ўрадам СССР у 1932—1933 роках.
Судовы працэс адбываўся над 45 кіраўнікамі і галоўнымі дзеячамі г. зв. «Зьвязу вызваленьня Ўкраіны» ў Харкаве 9 сакавіка — 19 красавіка 1930. З 474 асобаў, прыцягнутых да працэсу, 15 былі прысуджаныя да расстрэлу, 192 — да канцлягероў, 87 — высланыя за межы Ўкраіны, 3 — асуджаныя ўмоўна, 124 асобы вызваленыя.[1].
Сярод падсудных былі 3 жанчыны (Людміла Старыцкая-Чарняхіўская, Людміла Біднова, А. Такарыўская), 2 дактары-сябры Акадэміі навук, 15 прафэсароў вну, 2 студэнты, 1 дырэктар сярэдняй школы, 10 настаўнікаў, 1 тэоляг і 1 сьвятар УАПЦ, 3 пісьменьнікі, 5 рэдактараў, 2 каапэратары, 2 юрысты і 1 бібліятэкар.
Паводле НКУС, Зьвяз вызваленьня Ўкраіны нібыта існаваў падпольна ў 1926—1929 роках, калі быў выкрыты органамі ДПУ. Зьвяз нібыта ставіў задачай вызваленьне ўкраінскага народу на ўсёй ягонай этнаграфічнай тэрыторыі і заснаваньне самастойнай украінскай рэспублікі; з гэтай мэтай ЗВУ рыхтаваў народнае паўстаньне ці прынамсі забурэньні ў змове з імпэрыялістычнымі дзяржавамі (Польшчаю) і зь лідарамі ўкраінскай эміграцыіі, а таксама меў арганізаваць тэрор супраць усесаюзных і ўкраінскіх камуністычных кіраўнікоў.
З улікам усесаюзнага розгаласу працэсу выракі былі даволі памяркоўныя. З 45 падсудных 4 асуджаныя на 4 гады пазбаўленьня волі з суворай ізаляцыяй, 6 — на 8, 3 — на 6, 10 — на 5, 21 — на 3 і 1 — на 2 гады; 10 зь іх атрымалі ўмоўныя тэрміны і былі вызваленыя, яшчэ 5 — памілаваныя празь некалькі месяцаў. Частку асуджаных саслалі на Салаўкі. У 1930 шматлікія ўдзельнікі працэсу ЗВУ былі зноў арыштаваныя і зьнішчаныя. Галоўныя падсудныя загінулі ў турмах ці высылцы, толькі адзінкі трапілі ў эміграцыю, некаторыя былі рэабілітаваныя пасьля Другой сусьветнай вайны.