Тэгеранская канфэрэнцыя
From Wikipedia, the free encyclopedia
Тэгера́нская канфэрэ́нцыя — 4-дзённая нарада кіраўнікоў урадаў Брытаніі, ЗША і СССР 28 лістапада[1] — 1 сьнежня 1943 г. у Тэгеране (Іран). Стала першай за гады Другой сусьветнай вайны сустрэчай прэм’ер-міністра Брытаніі Ўінстана Чэрчыля (1940—1945), прэзыдэнта ЗША Франкліна Рузвэлта (1933—1945) і старшыні Савету народных камісараў СССР Ёсіфа Сталіна (1941—1953). Праводзілася ў савецкай амбасадзе пры ўдзеле дыпляматычных і вайсковых прадстаўнікоў 3 дзяржаваў. На сустрэчы абмяркоўвалася ўзгадненьне вайсковых дзеяньняў супраць Нямецкай дзяржавы і яе саюзьнікаў, забесьпячэньне трывалага міру пасьля заканчэньня вайны. 1 сьнежня 1943 г. кіраўнікі ўрадаў Чэрчыль (Брытанія), Рузвэлт (ЗША) і Сталін (СССР) падпісалі: «Дэклярацыю трох дзяржаваў», «Дэклярацыю аб Іране»[2] і «Ваеннае рашэньне».
У ходзе 1-га пасяджэньня 28 лістапада 1943 г. Сталін вусна пагадзіўся: «калі мы прымусім Нямеччыну капітуляваць. Тады — агульным фронтам супраць Японіі». На 4-м пасяджэньні 1 сьнежня Чэрчыль вусна прапанаваў «перасунуць на захад» межы Польшчы зь Нямеччынай і СССР дзеля «забесьпячэньня бясьпекі заходніх межаў Савецкага Саюза»: «ачаг польскай дзяржавы і народа мае разьмясьціцца між так званай лініяй Керзана (на ўсходзе) і лініяй ракі Одра» (на захадзе), з чым Сталін папярэдне вусна пагадзіўся. Тады ж Сталін вусна пагадзіўся на «расчляненьне Нямеччыны» і «перадаць гэтае пытаньне ў лёнданскую камісію, у якой ёсьць прадстаўнікі трох нашых дзяржаваў»[2].