Чэрвеньская дэпартацыя 1941 году
From Wikipedia, the free encyclopedia
Чэрвеньская дэпартацыя — сэрыя дэпартацый, арганізаваных уладамі СССР з 22 траўня па 20 чэрвеня 1941 году з заходніх прыгранічных тэрыторыяў краіны — далучаных у выніку «польскага паходу РККА» ў верасьні 1939-га году і акупацыі прыбалтыйскіх рэспублік.[1]
Агульная колькасьць высланых і арыштаваных склала паводле зьвестак таварыства Мэмарыял ад 200 да 300 тысячаў чалавек [2]. Многія з дэпартаваных загінулі [3][4][5].
Дэпартацыі закранулі насельніцтва Эстоніі (10 тыс. чал.), Латвіі (15,5 тыс. чал.), Летувы, Беларусі, Украіны і Малдовы (29,8 тыс. чал).
Высяленьне адбывалася ў межах кампаніі савецкіх уладаў, афіцыйна названай «ачысткай» ад «антысавецкага, крымінальнага і сацыяльна небясьпечнага элемэнту» і сваякоў іх сем’яў [6]. На думку сучасных гісторыкаў краінаў Балтыі, гэта высяленьне зьяўлялася злачынствам супраць чалавецтва ў выглядзе «шырокамаштабнага і сыстэматычнага нападу на любых грамадзянскіх асоб, калі такое напад зьдзяйсьняецца сьвядома» [7][8] альбо трактуецца імі як акт генацыду [9].