Ядзерная энэргія
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ядзерная энэргія — энэргія, якая ўтрымліваецца ў атамных ядрах і выдзяляецца пры ядзерных рэакцыях і радыяактыўнасьці. Атамныя электрастанцыі, якія выпрацоўваюць такую энэргію, у 2012 годзе выраблялі 13% сусьветнай электраэнэргіі і 5,7% агульнай сусьветнай вытворчасьці энэргіі[1][2]. Згодна са справаздачай Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ), на пачатак 2013 году налічваецца[3] 437 дзейных ядзерных энэргетычных (г. зн. тых, што выпрацоўваюць электрычную і/ці цеплавую энэргію для спажыўцоў) рэактараў у 31 краіне сьвету.[4]. Акрамя энэргетычных, існуюць таксама дасьледчыя і некаторыя іншыя ядзерныя рэактары. Акрамя таго, на розных стадыях будаўніцтва знаходзіцца яшчэ 68 энэргетычных ядзерных рэактараў у 15 краінах сьвету[3]. На цяперашні час у сьвеце існуюць таксама каля 140 дзейных надводных караблёў і падводных лодак, якія выкарыстоўваюць у суме каля 180 рэактараў[5][6][7]. На 2001 год было пабудавана 235 карабельных ядзерных рэактараў, частка якіх ужо не выкарыстоўваецца[7]. Некалькі ядзерных рэактараў былі выкарыстаны ў савецкіх і амэрыканскіх касьмічных апаратах, частка зь іх усё яшчэ знаходзіцца на арбіце. Акрамя таго, для шэрагу задачаў выкарыстоўваецца ядзерная энэргія, што выпрацоўваецца ў нерэактарных крыніцах, як то ў тэрмаізатопных генэратарах.
Пры гэтым не спыняюцца спрэчкі аб выкарыстаньні ядзернай энэргіі[8][9]. Праціўнікі ядзернай энэргетыкі, у прыватнасьці, арганізацыі, як то Грынпіс, лічаць, што выкарыстаньне ядзернай энэргіі пагражае чалавецтву і навакольнаму асяродзьдзю[10][11][12]. Абаронцы ядзернай энэргетыкі, як то МАГАТЭ, Сусьветная ядзерная асацыяцыя і г. д., у сваю чаргу, сьцьвярджаюць[13], што гэты від энэргетыкі дазваляе зьнізіць выкіды парніковых газаў у атмасфэру і пры слушным выкарыстаньні нясе значна менш рызыкі для навакольнага асяродзьдзя ў параўнаньні зь іншымі відамі энэргаздабычы.