Абстракцыянізм
From Wikipedia, the free encyclopedia
Абстракцыянізм (ад лац. abstractio — «выдаленьне», «адцягненьне») — беспрадметнае мастацтва, г. зн. мастацтва, якое паказвае не навакольны бачны сьвет, а якое імкнецца непасрэдна выяўляць «духоўныя сутнасьці» (Кандзінскі), агульныя паняцьці, непаўторны ўнутраны сьвет аўтара.
Паўстала прыблізна ў 1910 годзе. Некаторыя плыні ў абстракцыянізьме, перагукваючыся з пошукамі рацыянальна арганізаваных формаў у дойлідзтве й мастацкай прамысловасьці, стваралі лягічна спарадкаваныя канструкцыі з аб’ёмаў, лініяў, геамэтрычных фігур (супрэматызм Малевіча, нэапластыцызм нідэрляндзкага жывапісца Піта Мандрыяна, кубізм расейскага скульптара Барыса Каралёва). Для іншых плыняў характэрна імкненьне выказаць стыхійнасьць, бесьсьвядомасьць творчасьці ў імпэце, імпульсіўнасьці дзеяньняў мастака, у дынаміцы плям, аб’ёмаў, лініяў (жывапіс амэрыканскіх «абстрактных экспрэсіяністаў» Джэксана Полака, Марка Тобі, ташыстаў (ад франц. tache — «пляма») П’ера Сулажа.
Паняцьцем «абстрактнае мастацтва» аб’ядноўваюцца разнастайныя зьявы — антыгуманістычныя мастацкія канцэпцыі, памкненьні да «абсалютнай волі» ад рэчаіснасьці й грамадзтва, спробы выказаць сьвет асабістых адчуваньняў мастака.