Беларускі музэй у Вільні
From Wikipedia, the free encyclopedia
Белару́скі музэ́й у Ві́льні, Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча (польск. Muzeum Białoruskie w Wilnie) — адна з галоўных навуковых і асьветніцкіх установаў у гісторыі Беларусі. Знаходзілася ў Вільні на вуліцы Вастрабрамская, 9 у 1921—1945 гадох разам зь Беларускім навуковым таварыствам і Беларускай гімназіяй.
Беларускі музэй у Вільні | |
Muzeum Białoruskie w Wilnie | |
Беларускі музэй у Вільні, адна з заляў | |
Месцазнаходжаньне | Вільня, Другая Рэч Паспалітая |
---|---|
Адрас | Вастрабрамская, 9 |
Створаны | 1921 г. |
Закрыты | 1945 |
Дырэктар | Антон Луцкевіч |
Геаграфічныя каардынаты | 54°41′ пн. ш. 25°17′ у. д. |
Беларускі музэй у Вільні |
Музэй заснаваны ў 1921 годзе і названы ў гонар памерлага ў 1919 годзе беларускага дзеяча Івана Луцкевіча.
Экспанаты паходзілі галоўным чынам з калекцыі Івана Луцкевіча, які ў тэстамэнце перадаў яе музэю.
Музэй налічваў каля 14 тысячаў рукапісаў і старадрукаў. У экспазыціі меліся, у прыватнасьці: частка праскай Бібліі 1517 году Францішка Скарыны, Статут ВКЛ 1588 году, наваградзкае Эвангельле 14 стагодзьдзя, Аль-Кітаб, друкаваныя па-беларуску кнігі (Вільня, Іўе, Супрасьль, Нясьвіж, Слуцак), іншыя рэдкія кнігі.
Музэй быў ліквідаваны напрыканцы 1944 году. Тое, што захавалася па вайне, было падзелена супольнай камісіяй паміж Летувіскай ССР і БССР. Ад беларускага боку ў камісіі былі асобы, не зьвязаныя зь Беларусьсю. Яны адбіралі толькі тыя экспанаты, якія былі на беларускай мове. Усё зьвязанае з ВКЛ было адкінута, таму найбольш значныя экспанаты засталіся Летуве ці патрапілі ў Маскву.
На чале музэю да 1939 году стаяў Антон Луцкевіч — брат Івана. Яго супрацоўнікамі былі Мар’ян Пецюкевіч, Янка Шутовіч і Владас Дрэма.