Літва
From Wikipedia, the free encyclopedia
Літва (Літва ў вузкім сэнсе, уласна Літва, гістарычная Літва[1]) — гістарычная краіна, якая аб’ядноўвае захад Беларусі і паўднёвы ўсход Летувы. Паводле традыцыйнай вэрсіі, тапонім Літва прымяркоўваць да тэрыторыяў Ашмяншчыны, Віленшчыны, Лідчыны і часткі Троччыны, аднак на падставе аналізу шматлікіх летапісных крыніцаў і зьвестак тапанімікі[2] яго пашыраюць на Браслаўшчыну, Вількаміршчыну, Ваўкавышчыну, Слонімшчыну, большую частку Наваградчыны, а таксама часткі Гарадзеншчыны, Ковеншчыны і Меншчыны[3]. У пэўны час Літва пачала выступаць як адна з гістарычных назваў усёй тэрыторыі сучаснай Беларусі[4][5].
- Ня варта блытаць зь Летувой.
- Гэтая назва мае некалькі сэнсаў. Калі вас цікавяць іншыя сэнсы, глядзіце таксама Літва (неадназначнасьць).
Сучасныя дасьледнікі мяркуюць, што ад пачатку Літва была тэрыторыяй з гістарычна мяшаным балтыйска-славянскім насельніцтвам[6], дзе ў XIII стагодзьдзі ўтварылася Вялікае Княства Літоўскае. Гэта быў галоўны цэнтральны рэгіён дзяржавы[1], які ў XIII—XVIII стагодзьдзях праз працэс балтыйска-славянскіх кантактаў набыў пераважна беларускі этнічны характар[7]. Ад назвы Літвы паходзіць гістарычная саманазва беларусаў — ліцьвіны[8].