Правапіс
сыстэма правілаў па напісаньні словаў / From Wikipedia, the free encyclopedia
Пра́вапіс (таксама артаграфія, ад грэцкага ορθογραφία, якое складаецца са словаў ορθος «правільны» і γράφειν «пісаць») — прызнаная ці рэкамэндаваная сыстэма правілаў перадачы маўленьня на пэўнай мове на пісьме з дапамогай альфабэту гэтай мовы і іншых знакаў.
Звычайна прызнаным зьяўляецца правапіс, які замацавала адпаведная дзяржаўная навуковая ўстанова (у Беларусі Інстытут мовазнаўства НАН) альбо аўтарытэтны навуковец, альбо той правапіс, якім карыстаецца значная частка носьбітаў мовы.
Правапіс замацоўваецца на аснове пэўных прынцыпаў, якія зьвязаныя з рознымі сфэрамі пісьмовай практыкі: пунктуацыя, вялікія і малыя літары, разьдзельнае і зьлітнае напісаньне словаў, запіс гукаў і іншыя.
Правапісы канкрэтных моваў клясыфікуюць галоўным чынам паводле спосабу запісу гукаў. Правапіс канкрэтнай мовы практычна ніколі не бывае заснаваны на адным такім спосабе (прынцыпе). Але зь некалькіх прынцыпаў адзін як правіла пераважае, паводле яго правапіс і набывае сваю характарыстыку.