Русіны
гістарычны эднаэтнонім жыхароў Русі / From Wikipedia, the free encyclopedia
Русі́ны (таксама руськія, рускія, русакі[1]) — гістарычны эндаэтнонім жыхароў Русі, адна з назваў усходнеславянскага насельніцтва[1]. Утварыўся ад назвы Русі дзеля азначэньня адзінкавых яе выхадцаў (у старажытных крыніцах да XVI стагодзьдзя ў множным ліку не выкарыстоўваўся). Сустракаецца ў крыніцах ад самага пачатку існаваньня Русі, пазьней — у крыніцах, якія пішуць пра Галіцка-Валынскае княства, Вялікае Княства Літоўскае, Вялікае Княства Маскоўскае ды іншыя землі, якія былі часткамі Русі. У Маскоўскай дзяржаве палітонім русін з часам быў выціснуты з ужытку іншым палітонімам рускі, але і пазьней зрэдку ўжываўся раўнапраўна зь ім. Форма множнага ліку русіны ўзьнікла ў XVI ст. і служыла дзеля азначэньня ўсходнеславянскага: праваслаўнага і ўніяцкага насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага[2], Дунайскіх княстваў і Вугорскага каралеўства. На сёньняшні час этнонім захаваўся толькі ў некаторых групаў усходнеславянскага насельніцтва: на Лемкаўшчыне, а таксама ў Ваяводзіне і Паноніі.
- Гэтая назва мае некалькі сэнсаў. Калі вас цікавяць іншыя сэнсы, глядзіце таксама Русіны (неадназначнасьць).
- Ня варта блытаць з расейцамі — сучасным эўрапейскім народам, што складае асноўнае насельніцтва Расеі.
Па Крэўскай уніі «русінамі» ў ВКЛ называліся пераважна праваслаўныя ў канфэсійным сэнсе; таксама праваслаўныя жыхары ВКЛ называліся «ліцьвіны рускае веры», «ліцьвіны грэчаскага закону людзі» і да т. п.[3][4] Як падкрэсьлівае беларускі гісторык Сяргей Абламейка, «беларусы не павінны баяцца тэрміну „рускі“ ў розных гістарычных прыкладаньнях, і, адначасна, не павінны забывацца на этнонім (і палітонім) „ліцьвіны“. Гэта дзьве складовыя часткі сучаснай беларускай ідэнтычнасьці, важныя гістарычныя маркеры этнічнага разьвіцьця нашага народу»[5].