Беларусы ў Польшчы
From Wikipedia, the free encyclopedia
Беларусы ў Польшчы — адной з найбуйнейшых нацыянальных меншасцяў. Паводле перапісу 2002 года, у Польшчы жыве 50 тысяч беларусаў, пераважна ў Падляскім ваяводстве (96,6 %; найбольш у Беластоку — 7,5 тысяч). Тым часам паводле падлікаў Пятра Эбергарта ў 1992 годзе іх колькасць складала 215 тысяч чалавек, а паводле Марка Галушка колькасць беларусаў дасягае 230 тысяч.
На думку польскага даследчыка К. Падляскага, у канцы 1980-х у Польшчы жыло ад 250 да 400 тысяч беларусаў, паводле звестак Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы — 290 тысяч (1/3 ейных вернікаў). Паводле статыстыкі выбараў у сойм у 1989 годзе на Беласточчыне беларусы складалі 30 % насельніцтва (206,8 тысяч чалавек), у тым ліку ў Беластоку 25 % (65,5 тыс. чал.), Бельску Падляскім і Гайнаўцы па 65 % (адпаведна 17,2 і 15,1 тысяч чалавек). Паводле перапісу беларускую мову ў штодзённых зносінах ужывае толькі 40,6 тысяч чалавек.
Абароне правоў і інтарэсаў беларускай дыяспары ў Польшчы спрыяюць Дэкларацыя пра беларуска-польскія адносіны (кастрычнік 1990), пагадненне пра супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Беларусі і Міністэрствам народнай адукацыі Польшчы (сакавік 1992), беларуска-польская Дамова пра добрасуседства і супрацоўніцтва ад 23 чэрвеня 1992 года.