Гета ў перыяд Другой сусветнай вайны
From Wikipedia, the free encyclopedia
Гета ў перыяд Другой сусветнай вайны — жылыя зоны на падкантрольных нямецкім нацыстам і іх саюзнікам тэрыторыях, куды гвалтоўна перамяшчалі яўрэяў у мэтах ізаляцыі іх ад неяўрэйскага насельніцтва. Гэта ізаляцыя была часткай палітыкі так званага «канчатковага рашэння яўрэйскага пытання», у рамках якой было знішчана каля 6 мільёнаў яўрэяў.
Ствараючы месцы прымусовага ізаляванага ўтрымання яўрэяў, нацысты пераследвалі наступныя мэты:[1]
- Аблягчэнне наступнай ліквідацыі яўрэяў.
- Прадухіленне патэнцыйнага супраціўлення.
- Атрыманне бясплатнай працоўнай сілы.
- Набыццё сімпатый астатняга насельніцтва.
Усяго было створана паводле розных звестак ад 800 да больш за 1000 гета, у якіх утрымліваліся не менш за мільён яўрэяў[2][3]. Першае гета ў Польшчы было заснавана ў горадзе Петркаў-Трыбунальскі ў кастрычніку 1939 года.
Усё гета, паводле меркавання гісторыкаў, умоўна можна падзяліць на два асноўныя тыпы: «адкрытыя» і «закрытыя». Адкрытыя гета без фізічнай ізаляцыі яўрэяў у асобным ахоўным квартале існавалі толькі да знішчэння жыхароў альбо іх перасялення ў «закрытыя» гета або дэпартацыі ў лагеры. У такім гета ў абавязковым парадку ствараліся юдэнраты альбо прызначаліся (абіраліся) старасты[1][4].
Стварэнне «закрытых» гета ажыццяўлялася з абавязковым перасяленнем усіх яўрэяў у ахоўнае месца (квартал, вуліца, асобнае памяшканне). Вакол закрытага гета сіламі вязняў і за іх кошт узводзілася агароджа ў выглядзе калючага дрота або глухіх муроў і платоў. Уваход і выхад ажыццяўляўся праз кантрольна-прапускныя пункты, якія ахоўваліся паабапал гета[4].
Юдэнраты (ням.: Judenrat — «яўрэйская рада»), або яўрэйскія камітэты, ствараліся нямецкімі акупацыйнымі ўладамі як органы самакіравання яўрэйскіх гета. Юдэнраты, у адрозненне ад іншых мясцовых калабарацыйных органаў, часта фарміраваліся ў прымусовым парадку[5].
У паўнамоцтвы юдэнрату ўваходзіла забеспячэнне гаспадарчага жыцця і парадку ў гета, збор грашовых сродкаў і іншых кантрыбуцый, адбор кандыдатаў для працы ў рабочых лагерах, а таксама выкананне распараджэнняў акупацыйнай улады. Юдэнрату фармальна падпарадкоўвалася яўрэйская паліцыя[6].
Кандыдат гістарычных навук Яўген Розенблат падзяляе яўрэйскіх калябарантаў на дзве вялікія групы:[5]
- Прыхільнікі стратэгіі калектыўнага выжывання.
- Асобы, якія ажыццяўлялі стратэгію індывідуальнага выжывання.
Першая група атаясамлівала сябе з усімі астатнімі жыхарамі гета і імкнулася па магчымасці дамагчыся сістэмы, пры якой цэламу шэрагу катэгорый яўрэйскага насельніцтва падаваліся дадатковыя шанцы на выжыванне — напрыклад, апека юдэнратаў над шматдзетнымі сем'ямі, маламаёмаснымі, старымі, самотнымі людзьмі і інвалідамі. Прадстаўнікі другой групы супрацьпастаўлялі сябе астатнім яўрэям і выкарыстоўвалі ўсе сродкі для асабістага выжывання, у тым ліку тыя, якія вялі да пагаршэння становішча або гібелі астатніх.
Члены юдэнратаў па-рознаму ставіліся да супраціву і акцыям узброенага падполля ў гета. У некаторых выпадках яны наладжвалі сувязь і супрацоўніцтва з падполлем і партызанамі, у іншых — імкнуліся не дапусціць акцый супраціву, асцерагаючыся, што немцы будуць помсціць усім жыхарам гета[5]. Існавалі таксама актыўныя памагатыя нацыстаў. Частка з іх была забітая падпольшчыкамі і партызанамі[7].