Гоф Уітлэм
From Wikipedia, the free encyclopedia
Эдвард Гоф Уітлэм, AC, QC (англ.: Edward Gough Whitlam; нар. 11 ліпеня 1916 года, К'ю, прыгарад Мельбурна), найбольш вядомы як Гоф Уітлэм (англ.: Gough Whitlam) — аўстралійскі палітык, дваццаць першы прэм'ер-міністр Аўстраліі. Уітлэм прывёў Аўстралійскую лейбарысцкую партыю да ўлады падчас выбараў 1972 года і захаваў уладу пасля выбараў 1974 года. Заставаўся прэм'ер-міністрам да звальнення генерал-губернатарам Джонам Керы ў разгар аўстралійскага канстытуцыйнага крызісу 1975 года. Адзіны прэм'ер-міністр Аўстраліі, вызвалены ад пасады генерал-губернатарам краіны.
Уітлэм упершыню ўвайшоў у склад парламента ў 1952 годзе як член Палаты прадстаўнікоў ад Аўстралійскай лейбарысцкай партыі. У 1960 годзе ён быў абраны намеснікам лідара партыі, а ў 1967 годзе, пасля адстаўкі Артура Калвела, стаў першай асобай у партыі і адначасова лідарам апазіцыі. Нягледзячы на тое, што на выбарах 1969 года партыя пацярпела паразу, у 1972 годзе выбары былі выйграныя і Уітлэм заняў пасаду прэм'ер-міністра Аўстраліі.
Падчас знаходжання ва ўладзе ўрад Уітлэма правёў шэраг палітычных і эканамічных рэформаў - адмену смяротнага пакарання і ўсеагульнага вайсковага абавязку, прадастаўленне ўсеагульнага медыцынскага абслугоўвання і ўвядзенне бясплатнага навучання ў ВНУ, рэалізацыю праграм юрыдычнай дапамогі. Партыя зноў выйграла выбары ў 1974 годзе, аднак з памяншэннем падтрымкі з боку выбаршчыкаў. У лістападзе 1975 года ў ходзе палітычнага крызісу, выкліканага процідзеяннем апазіцыі ў парламенце краіны, Уітлэма звольніў генерал-губернатар Аўстраліі Джон Кер.