Загародскія гаворкі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Загаро́дскія гаво́ркі, заходнепалеская група гаворак Беларусі (таксама брэсцка-пінскія гаворкі, палескія гаворкі, палеская група гаворак, заходнепалескія гаворкі Беларусі; укр.: Загородські говірки) — тэрмін, якім акрэсліваюць берасцейска-пінскія гаворкі заходнепалескіх гаворак (у паўднёва-заходніх раёнах Брэсцкай вобласці Беларусі). Супрацьпастаўляецца асноўнаму масіву дыялектаў беларускай мовы.
Тэрмін «загаро́дскія гаво́ркі» ўведзены ў навуковы зварот дыялектолагам Фёдарам Клімчуком у 1970-х гг. і ўтвораны ад назвы Загароддзе — гістарычнай часткі Піншчыны, старажытных шляхоў і Загародскай раўніны.
Шэраг дыялектолагаў разглядае заходнепалескія гаворкі Беларусі як гаворкі ўкраінскай мовы, альбо як гаворкі, пераходныя ад беларускай да ўкраінскай мовы (на падставе вялікай колькасці фанетычных і граматычных рыс, падобных з рысамі паўночна-ўкраінскай гаворкі).
Ад асноўных беларускіх дыялектаў (паўночна-ўсходняга і паўднёва-заходняга), а таксама ад сярэднебеларускіх гаворак заходнепалескія гаворкі Беларусі адрозніваюцца адсутнасцю акання; наяўнасцю цвёрдых зычных перад [е], [i]; пераходам /ê/ > [i] ва ўдарнай пазіцыі; наяўнасцю [i] на месцы /о/ і /е/ у закрытым складзе пад націскам; адсутнасцю дзекання і цекання і г.д.
На аснове заходнепалескіх гаворак Беларусі з канца 1980-х гг. адзначаліся спробы стварэння літаратурнай нормы (т. зв. заходнепалескай літаратурнай мікрамовы) з пісьменнасцю на кірыліцы. На аснове заходнепалескіх гаворак Польшчы (падляшскіх гаворак) сіламі энтузіястаў, пачынаючы з 2000-х гг., фармуецца адмысловая падляшская мікрамова (так званая «падляшская мова», або «свая мова») з пісьменнасцю на лацініцы.