Зона, прыдатная для жыцця
From Wikipedia, the free encyclopedia
У астраноміі, зона, прыдатная для жыцця, або зона жыцця (англ.: habitable zone, HZ) — гэта ўмоўная вобласць у космасе, вызначаная з разліку, што ўмовы на паверхні размешчаных у ёй планет будуць блізкія да ўмоў на Зямлі і забяспечваюць існаванне вады ў вадкай фазе. Адпаведна, такія планеты (або іх спадарожнікі) будуць спрыяльныя для ўзнікнення жыцця, падобнага на зямное. Верагоднасць узнікнення жыцця найбольшая ў прыдатнай для жыцця зоне ў наваколлях зоркі (circumstellar habitable zone, CHZ), размешчанай пры гэтым у прыдатнай для жыцця зоне галактыкі (galactic habitable zone, GHZ), хоць даследаванні апошняй пакуль знаходзяцца ў зачаткавым стане.
Варта адзначыць, што знаходжанне планеты ў зоне, прыдатнай для жыцця, і яе спрыяльнасць для жыцця не абавязкова звязаны: першая характарыстыка апісвае ўмовы ў планетнай сістэме ў цэлым, а другая — непасрэдна на паверхні нябеснага цела.
У англамоўнай літаратуры прыдатную для жыцця зону таксама называюць зонай Золатавалоскі (англ.: Goldilocks Zone). Гэта назва з'яўляецца адсылкай да англійскай казкі Goldilocks and the Three Bears. У казцы Золатавалоска спрабуе скарыстацца некалькімі наборамі з трох аднародных рэчаў, у кожным з якіх адна з рэчаў апыняецца залішне вялікай (цвёрдай, гарачай і г.д.), іншы — залішне маленькай (мяккай, халоднай…), а у трэцім, прамежкавым, рэч апыняецца «ў самы раз». Аналагічна, для таго, каб апынуцца ў прыдатнай для жыцця зоне, планета не павінна знаходзіцца ні занадта далёка ад зоркі, ні заблізка да яе, а на «правільнай» адлегласці.