Міхал Казімір Радзівіл
(1635—1680) падканцлер і гетман польны літоўскі / From Wikipedia, the free encyclopedia
Міхал Казімір Радзівіл (26 кастрычніка 1635, Нясвіж — 14 лістапада 1680, Балоння) — дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага[4]. Стольнік (1652—1653), крайчы (1653—1656) і падчашы вялікі літоўскі (1656—1661), кашталян (1661—1666) і ваявода віленскі (1666—1668), падканцлер вялікі літоўскі і гетман польны літоўскі (з 1668)[5].
Міхал Казімір Радзівіл — шчыры каталік, вядомы рэлігійным фундатарствам і бегласцю ў навуках, асабліва ў алхіміі. Падчас шведскіх войнаў адважна бараніў край ад уварванняў, разам з Міхалам Вішнявецкім належаў да арыстакратычнай апазіцыі, удзельнічаў у Хацінскай бітве (1673). Князь Свяшчэннай Рымскай імперыі на Нясвіжы і Алыцы, VI ардынат нясвіжскі, IV ардынат алыцкі, III пан на Белай.
Валодаў Крожамі ў Жамойці, Белай і Славатычамі ў Берасцейскім павеце, Шыдлоўцам у Каралеўстве Польскім і інш. Быў старостам упіцкім, перамышльскім, члухаўскім, камянецкім, хойніцкім, лідскім, цельшыцкім, рабштынскім, хацінскім, гомельскім, осцкім, крычаўскім, прапойскім, гульбінскім, нежынскім і інш.