Салігорск
горад у Беларусі / From Wikipedia, the free encyclopedia
Саліго́рск[3] (трансліт.: Salihorsk, руск.: Солигорск) — горад у Беларусі, на правым беразе ракі Случ. Адміністрацыйны цэнтр Салігорскага раёна Мінскай вобласці (да 2009 года — горад абласнога падпарадкавання). Насельніцтва на 2017 год — 106 839 чалавек[4], што пры даволі невялікай плошчы горада ў 15 км² робіць Салігорск адным з самых шчыльнанаселеных гарадоў краіны. Знаходзіцца за 136 км на поўдзень ад Мінска. Канцавая чыгуначная станцыя на адгалінаванні Слуцк — Салігорск ад лініі Баранавічы — Асіповічы, побач з горадам праходзяць аўтамабільныя дарогі Мінск — Мікашэвічы і Бабруйск — Чырвоная Слабада. Таксама злучаны аўтабільнымі дарогамі з Любанню, Лунінцом.
Горад
Салігорск
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Салігорск з’яўляецца адным з самых маладых гарадоў Рэспублікі Беларусь (пазней быў заснаваны толькі Новалукомль). Яго гісторыя пачынаецца з пабудовы I Старобінскага (потым — Салігорскага) калійнага камбіната, пазней пераўтворанага ў 1 рудаўпраўленне ААТ «Беларуськалій» пасля выяўлення багатых радовішчаў калійнай солі на гэтых тэрыторыях. Першапачаткова Салігорск меў назву Новастаробінск (да 1959 года) і статус рабочага пасёлка. Горад — з 1963, з 1965 — цэнтр аднайменнага раёна. Адзін з найбуйнейшых цэнтраў вытворчасці калійных угнаенняў у свеце.