Верлібр
From Wikipedia, the free encyclopedia
Верлі́бр (свабо́дны верш) — дысметрычны верш, у аснове рытму якога — чаргаванне якіх-небудзь дапаможных рытмастваральных кампанентаў. Надзвычай важнае значэнне набывае ў ім графічная разбіўка верша на радкі, вызначэнне месца міжрадковых паўзаў. Менавіта вершаваны радок як цэласны інтанацыйна-сінтаксічны і сэнсавы комплекс, выразна выдзелены паўзамі (а на пісьме — яшчэ і графічна), выступае ў верлібры ў якасці асноўнай рытмічнай адзінкі. Інтанацыйная аднатыпнасць асобных радкоў дасягаецца падабенствам іх унутранай лексіка-граматычнай структуры, што стварае пэўную меру паўтору па «вертыкалі».
У радках свабоднага верша паўтараюцца наступныя дапаможныя рытмастваральныя кампаненты: аднатыпныя сінтаксічныя канструкцыі, аднолькавыя ці крыху відазмененыя радкі, аднолькавыя словы ці іх марфалагічныя формы, гукаспалучэнні, націскі на пэўных месцах і г. д. Спарадычна можна сустрэць нават прыметы танічнага верша, падначаленыя агульнай інтанацыйнай структуры верлібра (чаргаванне моцных або апорных націскаў, рыфмоіды і інш.). Прычым у свабодным вершы адсутнічае адзіная скразная мера паўтору, яна ўвесь час мяняецца. Так, напрыклад, першыя тры радкі твора, напісанага верлібрам, вызначаюцца аднатыпнасцю іх сінтаксічнай пабудовы, чатыры наступныя — паўторам на пачатку радкоў назоўнікаў у пэўным склоне, яшчэ тры радкі суадносяцца рытмічнымі націскамі, скажам, на трэцім і сёмым складах, і г. д. Для верлібра характэрна надзвычайнае багацце і гнуткасць паэтычнага сінтаксісу, у тым ліку розных рытарычных фігураў, сінтаксічных перыядаў, што надае інтанацыйнаму малюнку разнастайнасць (пералічэнне, далучэнне, супрацьпастаўленне і г. д.). у межах адной рытміка-інтанацыйнай структуры.