Манга (мастацтва)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ма́нга (яп.: 漫画) — коміксы, выпушчаныя ў Японіі альбо напісаныя японскімі аўтарамі на японскай мове. У 1814 годзе вядомы японскі мастак Хокусай стварыў кнігу чорна-белых эскізаў, якім даў назву 漫画 (Мань Га — неабавязковыя малюнкі). У сучасным выглядзе з’явіліся падчас Другой сусветнай вайны як японскі адказ на Амікон (Амерыканскія коміксы), друкаваліся ў колеры на добрай паперы і фінансаваліся дзяржавай. Манга гэтага тыпу неафіцыйна звалася «Такійскай» і служыла дзеля прапаганды.
Пасля сканчэння вайны, калі краіна ляжала ў руінах, на змену «Такійскай манзе» прыйшла так званая Осакская манга. Яна друкавалася на дрэннай паперы, была чорна-белай і прадавалася вельмі танна. У 1947 годзе Осаму Тэдзука (яп.: 手塚 治虫) выпусціў сваю мангу «Сін Такарадзіма» — Новы Востраў Скарбаў, якая здзейсніла сапраўдную рэвалюцыю, бо Тэдзука стварыў многія стылістычныя складнікі мангі, якія выкарыстоўваюцца і дагэтуль. У ёй упершыню з’явіліся гукавыя эфекты, буйныя планы, графічнае падкрэсліванне руху ў кадры. «Новы Востраў Скарбаў» разышоўся фантастычным для тагачаснай Японіі тыражом 400 000 асобнікаў. За сваё жыццё Тэдзука стварыў яшчэ багата прац, набыў вучняў і паслядоўнікаў, якія развілі яго ідэі і зрабілі мангу паўнавартаснай з’явай масавай культуры.