Мантыя Зямлі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ма́нтыя — частка Зямлі (геасфера), размешчаная непасрэдна пад карой і вышэй ядра. У мантыі знаходзіцца значная частка рэчыва Зямлі. Мантыя ёсць таксама і ў іншых планет. Глыбіня зямной мантыі знаходзіцца ў дыяпазоне ад 30 да 2900 км.
Мяжой паміж карой і мантыяй служыць мяжа Махаровіча або, скарочана, Моха. На ёй адбываецца рэзкае павелічэнне сейсмічных хуткасцей — ад 7 да 8—8,2 км/с. Знаходзіцца гэтая мяжа на глыбіні ад 7 (пад акіянамі) да 70 кіламетраў (пад складчатымі паясамі). Мантыя Зямлі падпадзяляецца на верхнюю і ніжнюю мантыі. Мяжой паміж гэтымі геасферамі служыць пласт Галіцына, які размяшчаецца на глыбіні каля 670 км.
У пачатку XX стагоддзя актыўна абмяркоўвалася прырода мяжы Махаровіча. Некаторыя даследчыкі меркавалі, што там адбываецца метамарфічная рэакцыя, у выніку якой ствараюцца пароды з высокай шчыльнасцю. У якасці такой рэакцыі прапаноўвалася рэакцыя эклагітызацыі, у выніку якой пароды базальтавага складу ператвараюцца ў эклагіт, і іх шчыльнасць павялічваецца на 30 %. Іншыя навукоўцы тлумачылі рэзкае павелічэнне хуткасцей сейсмічных хваль зменай складу парод — ад адносна лёгкіх кіслых парод кары і асноўных да шчыльных мантыйных ультраасноўных парод. Гэта пункт гледжання цяпер з’яўляецца агульнапрызнаным.
Адрозненне складу зямной кары і мантыі — следства іх паходжання: зыходна аднастайная Зямля ў выніку частковага плаўлення падзялілася на лёгкаплаўкую і лёгкую частку — кару і шчыльную тугаплаўкую мантыю.