Мінскае ўзвышша
From Wikipedia, the free encyclopedia
Мінскае ўзвышша займае найбольш высокую частку Беларускай грады і ўсёй Беларусі. На ўзвышшы размешчана сталіца Беларусі г. Мінск, большыя або меншыя часткі Барысаўскага, Валожынскга, Вілейскага, Дзяржынскага, Крупскага, Лагойскага, Маладзечанскага, Мінскага, Смалявіцкага раёнаў Мінскай вобласці.
Узвышша працягнулася з паўднёвага захаду на паўночны ўсход больш чым на 150 км, з захаду на ўсход, у самым шырокім месцы, амаль на 120 км; плошча 7,3 тыс. км². Узвышша мяжуе на поўдні са Стаўбцоўскай раўнінай, на ўсходзе — з Верхнебярэзінскай нізінай і Цэнтральнабярэзінскай раўнінай, на поўначы — са Свянцянскімі градамі, на захадзе — з Ашмянскім узвышшам і Нарачана-Вілейскай нізінай. Вылучаюцца тры найвышэйшыя пункты Беларусі — Дзяржынская гара (345 м над узроўнем мора), Лысая гара (342 м) і Маяк (335 м). Над суседнімі нізінамі і раўнінамі ўзвышша прыўзнята на 150 м і больш. Рэльеф буйна-ўзгорысты, градава-ўзгорысты і ўзгорысты, перасечаны рачнымі далінамі, лагчынамі, месцамі шматлікімі ярамі. Трапляюцца озавыя грады і камавыя масівы.