Франклін Рузвельт
From Wikipedia, the free encyclopedia
Франклін Дэлана Рузвельт (англ.: Franklin Delano Roosevelt; 1882—1945) — 32-ы прэзідэнт ЗША, цэнтральная фігура ў падзеях свету ў сярэдзіне XX стагоддзя, кіраваў Злучанымі Штатамі падчас сусветнай эканамічнай крызы і сусветнай вайны. Адзіны амерыканскі прэзідэнт, абраны больш чым на два тэрміны. Рузвельт перамог прэзідэнта-рэспубліканца Герберта Гувера ў лістападзе 1932 года, падчас Вялікай дэпрэсіі. Спалучэнне ў Рузвельта якасцей аптымізму і актыўнасці спрыяла адраджэнню нацыянальнага духу. Цесна супрацоўнічаў з Уінстанам Чэрчылем і Іосіфам Сталіным супраць нацыскай Германіі і Японіі ў Другой сусветнай вайне.
Пачынаючы са сваіх «першых ста дзён», якія пачаліся 4 сакавіка 1933 года, Рузвельт адразу ўзяў арыентыр на Новы курс — комплекс праграм, прызначаных для атрымання дапамогі (асабліва забеспячэнне беспрацоўных дзяржаўнымі працоўнымі месцамі), аднаўлення эканомікі і рэформ шляхам рэгулявання дзейнасці Уол-стрыт, банкаў і транспарту. Паляпшэнне стану эканомікі праходзіла вельмі хутка з 1933 па 1937 гады, але затым наступіла глыбокая рэцэсія. Двухпартыйная кансерватыўная кааліцыя, утвораная ў 1937 годзе перашкодзіла яму прасунуць шмат якія новыя законапраекты, таму былі адменены многія з праграм надзвычайнай дапамогі, калі беспрацоўе практычна скончылася падчас Другой сусветнай вайны. Большасць правіл Новога курсу былі спынены каля 1975—1985 гадоў, за выключэннем рэгулявання Уол-стрыт каштоўнымі паперамі і біржай, якое яшчэ існуе. Нароўні з некалькімі больш дробнымі праграмамі, працягваюць існаваць Федэральная карпарацыя страхавання дэпазітаў, якая была створана ў 1933 годзе, і сацыяльнае забеспячэнне, якое Кангрэс прыняў у 1935 годзе.
Калі сусветная вайна была амаль непазбежнай пасля 1938 года з-за японскага ўварвання ў Кітай і агрэсіі нацысцкай Германіі, Рузвельт аказаў моцную дыпламатычную і фінансавую падтрымку Кітаю і Вялікабрытаніі, захоўваючы афіцыйна нейтралітэт. Яго мэтай было зрабіць Амерыку «арсеналам дэмакратыі», якая будзе пастаўляць саюзнікам боепрыпасы. Ён дамогся амаль аднадушнай аб’явы вайны супраць Японіі пасля нападу японцаў на Пёрл-Харбар 7 снежня 1941 года, назваўшы яго «днём, калі будзе жыць ганьба». Ён кіраваў мабілізацыяй эканомікі ЗША ў падтрымку намаганняў саюзнікаў у вайне. Беспрацоўе знізілася да 2 %, дзейнасць праграмаў дапамогі ў асноўным скончылася, а прамысловая эканоміка хутка расла, калі мільёны людзей пераехалі ў новыя працоўныя месцы ў ваенныя цэнтры, а 16 мільёнаў мужчын і 300 000 жанчын былі мабілізаваны на ваенную службу.
Рузвельт дамінаваў на амерыканскай палітычнай сцэне не толькі на працягу дванаццаці гадоў свайго прэзідэнцтва, але і дзесяцігоддзі пазней. Новы курс Рузвельта аб’яднаў вакол сябе прафсаюзы, афраамерыканцаў, сельскіх белых паўднёўцаў і іншых.