Экзашкілет (біялогія)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Экзашкілет — вонкавы тып шкілета ў некаторых беспазваночных жывёл.
Самыя старыя скамянелыя экзашкілеты датуюцца часам прыблізна 550 мільёнаў гадоў таму. Экзашкілет падтрымлівае і абараняе цела жывёлы, а таксама з'яўляецца механічным бар'ерам, які служыць першым этапам абароны ад інфекцыі.
Экзашкілет характэрны для большасці беспазваночных, у якіх ён прадстаўлены ў выглядзе ракавіны (многія прасцейшыя, малюскі) або хіцінізаванай кутыкулы (членістаногія). Характэрнай асаблівасцю гэтых утварэнняў з'яўляецца тое, што яны не ўтрымліваюць клеткавых элементаў.
Хіцінізаваная кутыкула параўнальная па трываласці з металам, мяжа трываласці кутыкулы каля 10 кг/ мм². Акрамя механічнай аховы, хіцінізаваная кутыкула забяспечвае ненамакальнасць покрыва і перашкаджае празмернаму выпарэнню вады: служыць месцам прымацавання мускулатуры, ахоўвае ўнутраныя органы, надае форму целу членістаногіх. У час галадання і лінькі з’яўляецца крыніцай ежы, удзельнічае ва ўтварэнні органаў пачуццяў, высцілае трахеі і часткі іншых органаў. Пігменты кутыкулы забяспечваюць разнастайнасць афарбоўкі членістаногіх, у тым ліку і ахоўнай.