Вялікабрытанія
краіна ў Еўропе / From Wikipedia, the free encyclopedia
Вялі́кабрыта́нія (англ.: Great Britain), Злу́чанае Карале́ўства Вялі́кабрыта́ніі і Паўно́чнай Ірла́ндыі (англ.: United Kingdom of Great Britain and Northern Ireland) — астраўная дзяржава на паўночным захадзе Еўропы. Плошча 242,5 тыс.кв.км. Размешчана на востраве Вялікабрытанія, паўночным усходзе Ірландыі і шэрагу меншых астравоў і архіпелагаў. Мяжуе па сушы з Ірландыяй. Пралівам Ла-Манш аддзяляецца ад Францыі, з якой мае марскую мяжу. Геаграфічна адносіцца да рэгіёну Паўночнай Еўропы, таксама лічыцца часткай Заходняй Еўропы. Сталіца — горад Лондан — глабальны горад і фінансавы цэнтр. Афіцыйныя мовы: англійская (дэ-факта), ва Уэльсе — валійская.
Вялікабрытанія — унітарная парламенцкая дэмакратыя, канстытуцыйная манархія. Брытанскі кароль Карл III уладарыцы з 2022 года. Злучанае Каралеўства складаецца з чатырох гістарычных абласцей, што маюць свае ўрады і карыстаюцца шырокай аўтаноміяй: Англія, Шатландыя, Уэльс і Паўночная Ірландыя са сталіцамі ў Лондане, Эдынбургу, Кардыфе і Белфасце адпаведна. Востраў Мэн і Нармандскія астравы фармальна не ўваходзяць у склад Злучанага Каралеўства, з’яўляючыся «Кароннымі землямі». 14 раскіданых па ўсім свеце заморскіх тэрыторый — рэшткі Брытанскай каланіяльнай імперыі, што калісьці займала чвэрць населенай сушы.
Адзінае Англійскае каралеўства сфарміравалася ў ІХ стагоддзі, у выніку аб’яднання дробных дзяржаў англасаксаў. Каралеўства Вялікабрытанія ўтварылася ў 1707 годзе ў выніку палітычнага аб’яднання Англіі (уключаючы Уэльс) і Шатландыі. Яшчэ раней, у 1603 годзе, кароль Шатландыі Якаў VI (James VI) атрымаў у спадчыну троны Англіі і Ірландыі ў рэжыме дынастыйнай уніі, дэ-факта аб’яднаўшы пад сваёй уладай усе 3 краіны. У 1800 годзе Каралеўства Вялікабрытанія і Каралеўства Ірландыя аб’ядналіся, утварыўшы Злучанай Каралеўства Вялікабрытаніі і Ірландыі, якое пасля аддзялення ад яго Ірландскай Вольнай дзяржавы ў 1922 займела сённяшнюю назву.
З насельніцтвам у 66 млн чалавек у 2017 Вялікабрытанія займала 22 месца ў спісе самых населеных краін свету. Каралеўства мае адзін з самых высокіх у ЕС паказчыкаў натуральнага прыросту насельніцтва. Пераважная большасць вернікаў — англікане. Адносіцца да найбольш густанаселеных краін свету. У агламерацыі Лондана пражывае 10,3 млн чалавек. Іншыя буйныя гарадскія раёны ўключаюць Манчэстэр, Бірмінгем, Лідс, Глазга і Ліверпуль.
Вялікабрытанія — высокаразвітая постіндустрыяльная дзяржава з пятым у свеце намінальным ВУП і дзявятым па парытэце пакупніцкай здольнасці. Мае высокі даход паводле класіфікацыі Сусветнага банка і вельмі высокі ўзровень ІЧР. Краіна з’яўляецца магутным прамысловым вытворцам, фінансавым цэнтрам, экспарцёрам паслуг. Да таго ж Вялікабрытанія, у адрозненні ад большасці развітых краін свету, выдатна забяспечана паліўнымі рэсурсамі.
У XVIII стагоддзі — першая краіна, закранутая Прамысловай рэвалюцыяй, у XIX стагоддзі — самая магутная дзяржава свету, Вялікабрытанія і сёння застаецца сусветным палітычным, эканамічным і культурным цэнтрам. Гэта ядзерная дзяржава з 1952 года (прызнаная ў адпаведнасці з Дагаворам аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі 1968 года), сталы член Савета Бяспекі ААН. З’яўляецца членам Вялікай Сямёркі, АЭСР. Як былая метраполія Брытанскай імперыі сёння ачольвае Садружнасць нацый. У 1973 увайшла ў склад ЕС, у 2016 вырашыла пакінуць арганізацыю, што мае канчаткова адбыцца ў 2020. Як паказала гісторыя, працэдура Брэксіту аказалася складанай і пакутлівай.