Марыя Тэкская (англ.: Mary of Teck, ням.: Maria von Teck; каралева Марыя, англ.: Queen Mary, поўнае імя — Victoria Mary Augusta Louise Olga Pauline Claudine Agnes — Вікторыя Марыя Аўгуста Луіза Вольга Паўліна Кладзіна Агнеса; 26 мая 1867 — 24 сакавіка 1953) — жонка брытанскага караля Георга V, маці Эдуарда VIII і Георга VI. Каралева Марыя была таксама імператрыцай Індыі і каралевай Ірландыі (з 1910). Пры нараджэнні атрымала тытул «Яе Светласць прынцэса Тэкская».
Хуткія факты Марыя Тэкская, Каралева-кансорт Брытанскай імперыі ...
Закрыць
Марыя нарадзілася і вырасла ў Англіі. Яе бацька быў прынцам з марганатычнай галіны Вюртэмбергскага дому герцагаў Тэкскіх, маці — Марыя Адэлаіда Кембрыджская, член брытанскай каралеўскай сям’і, унучка караля Георга III. Ва ўзросце 24 гадоў прынцэса была заручана з Альбертам Эдуардам, герцагам Кларэнс, старэйшым унукам каралевы Вікторыі, але прынц нечакана памёр ад пнеўманіі праз шэсць тыдняў пасля аб’явы заручын. Марыя ж стала жонкай брата памерлага жаніха, прынца Георга, герцага Ёркскага. Пасля смерці каралевы Вікторыі ў 1901 годзе, пара атрымала тытул «прынцаў Уэльскіх». У 1910 годзе кароль Эдуард VII памёр. Яго старэйшы сын Георг стаў каралём, Марыя — каралевай. Пасля смерці Георга ў 1936 годзе, каралём стаў іх старэйшы сын Эдуард VIII. Але менш чым праз дзесяць месяцаў ён адрокся ад прастола дзеля жаніцьбы на амерыканцы Уоліс Сімпсан. Новым каралём стаў другі сын Марыі Георг VI. Каралева Марыя ўсяляк падтрымлівала сына, які пакутаваў на заіканне аж да яго смерці ў 1952 годзе. Марыя памерла наступным годзе, напачатку валадарання сваёй унучкі Елізаветы II.