Узнагарода самаму каштоўнаму гульцу НБА
From Wikipedia, the free encyclopedia
Узнагарода самаму каштоўнаму гульцу Нацыянальнай Баскетбольнай Асацыяцыі (НБА) (англ.: National Basketball Association Most Valuable Player Award (MVP)) — штогадовая ўзнагарода НБА, якая ўручаецца з сезона 1955/1956 найлепшаму гульцу рэгулярнага сезона.
Пераможца атрымлівае Трафей Морыса Падолафа, названы ў гонар першага камісіянера (тады прэзідэнта[заўв 1]) НБА, які займаў пасаду з 1946 да 1963 года.
Да сезона 1979/1980 самыя каштоўныя гульцы абіраліся галасаваннем гульцоў НБА. Пачынаючы з сезона 1980/1981 пераможцу абірае калегія спартыўных журналістаў і прадстаўнікоў вяшчальных кампаній з ЗША і Канады.
Кожны член калегіі галасуе за пяць найлепшых гульцоў. За кожнае першае месца ў галасаванні гулец атрымлівае 10 балаў, за другое — 7, за трэцяе — 5, за чацвёртае — 3 і за пятае — 1. Пачынаючы з 2010 года лёс аднаго бюлетэня вырашаюць фанаты праз інтэрнэт-галасаванне. Гулец, які атрымлівае найбольшую выніковую колькасць ачкоў, становіцца самым каштоўным гульцом.
Усе пераможцы ўзнагароды, прыдатныя для ўвядзення ў Залу славы імя Нейсміта, былі абраныя туды. Карым Абдул-Джабар станавіўся самым каштоўным гульцом рэкордныя 6 разоў. Біл Расэл і Майкл Джордан выйгравалі па 5 разоў, а Уілт Чэмберлен і Леброн Джэймс — па 4. Расэл і Джэймс — адзіныя баскетбалісты, якія станавіліся самымі каштоўнымі гульцамі па 4 разы за 5 паслядоўных сезонаў. Мозэс Мэлоўн, Лары Бёрд і Мэджык Джонсан выйгравалі ўзнагароду па 3 разы, а Боб Петыт, Карл Мэлоўн, Тым Данкан, Стыў Нэш і Стэфэн Кары — па 2. Двойчы самымі каштоўнымі гульцамі НБА станавіліся навічкі: Уілт Чэмберлен у сезоне 1959/1960 і Уэс Ансэлд у сезоне 1968/1969. За ўвесь час узнагароду выйгравалі чатыры гульцы, якіх НБА вызнае «міжнароднымі»: Хакім Алайджуван з Нігерыі[заўв 2], Тым Данкан з Амерыканскіх Віргінскіх астравоў[заўв 3], Стыў Нэш з Канады[заўв 4] і Дзірк Навіцкі з Германіі.
У сезоне 2015/2016 Стэфэн Кары стаў адзіным пераможцам узнагароды, за якога прагаласавалі аднагалосна. Шакіл О’Ніл у сезоне 1999/2000 і Леброн Джэймс у сезоне 2012/2013 атрымалі на адзін голас менш за максімальную колькасць (абодва атрымалі 120 з 121)[заўв 5]. У сезоне 2016/2017 Расэл Уэстбрук стаў першым самым каштоўным гульцом з сезона 1982/1983, каманда якога выйграла менш за 50 гульняў у рэгулярным сезоне[заўв 6]. Усе пераможцы ўзнагароды, акрамя Стыва Нэша і Дэрыка Роўза, па меншай меры адзін раз траплялі ў фінал НБА ў якасці гульца.