Германія
краіна ў Цэнтральнай Еўропе / From Wikipedia, the free encyclopedia
Герма́нія (ням.: Deutschland праслухацьⓘ), поўная назва Федэраты́ўная Рэспу́бліка Герма́нія (ням.: Bundesrepublik Deutschland), таксама Няме́ччына[4] — федэратыўная краіна ў Заходняй Еўропе, якая мяжуе з Польшчай і Чэхіяй на ўсходзе, Аўстрыяй і Швейцарыяй на поўдні, Францыяй, Люксембургам, Бельгіяй і Нідэрландамі на захадзе, Даніяй на поўначы. На поўначы Германія мае выхад да Балтыйскага і Паўночнага мораў, на поўдні падкрэслена араграфічным рубяжом Альпаў.
ФРГ з’яўляецца федэратыўнай, дэмакратычнай, парламенцкай рэспублікай, якая ўзначальваецца федэральным канцлерам і ў склад якой уваходзяць 16 адміністрацыйных адзінак, вядомых як федэральныя землі. Германія — вельмі дэцэнтралізаваная краіна, дзе кожная з зямель захоўвае абмежаваны «суверэнітэт». Сталіцай і найбуйнейшым горадам краіны з’яўляецца Берлін. Фінансавая сталіца — Франкфурт-на-Майне.
У рэльефе Германіі выдзяляюць тры прыступкі: нізіна на поўначы, невысокія старыя горы ў цэнтральнай частцы, на поўдні праходзіць горная сістэма Альпаў. Клімат умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага, з адносна цёплай зімой і прахалодным летам. Галоўныя рэкі цякуць з поўдня на поўнач — гэта Одэр, Эльба, Рэйн. Жывая прырода за доўгую гісторыю асваення моцна пацярпела ад чалавека, аднак сёння Германія адносіцца да ліку краін з найбольш прагрэсіўным экалагічным заканадаўствам.
У антычныя часы тэрыторыя сучаснай Германіі была заселена германскімі плямёнамі, што паспяхова супрацьстаялі Рыму. У X стагоддзі нямецкія землі сталі ядром Свяшчэннай Рымскай імперыі. У пачатку XVI стагоддзя Германія была калыскай Рэфармацыі. У познім Сярэднявеччы і раннім Новым часе Германія існавала як садружнасць невялікіх княстваў, сярод якіх у XVIII ст. узвысілася Прусія. У 1815 быў створаны Германскі саюз, а ў 1871 годзе, дзякуючы Ота фон Бісмарку, на карце Еўропы ўзнікла Германская імперыя. Параза ў Першай сусветнай вайне прывяла да звяржэння манархіі. Саступкі па Версальскім міры прывялі да ідэй рэваншызму і росквіту фашызму, што разам з нацысцкай ідэалогіяй, вылілася ў Другую Сусветную вайну і Халакост. Пасля капітуляцыі нацысцкага ўрада ў 1945 годзе, тэрыторыя краіны была падзелена на акупацыйныя зоны, на якіх у 1949 былі створаны Федэратыўная Рэспубліка Германія і Германская Дэмакратычная Рэспубліка. Чатыры дзесяцігоддзі Халоднай вайны скончыліся падзеннем Берлінскай сцяны і аб’яднаннем дзвюх частак краіны 3 кастрычніка 1990 года. Сёння гэты дзень адзначаюць як дзяржаўнае свята.
З насельніцтвам у 83 млн чалавек ФРГ з’яўляецца самай многанаселенай сярод краін, што цалкам знаходзяцца ў Еўропе і першай краінай ЕС. На працягу апошніх дзесяцігоддзяў для Германіі характэрны адмоўны натуральны прырост і старэнне насельніцтва. Германія з’яўляецца еўрапейскім лідарам па прыёме імігрантаў, што ў рэшце рэшт вылілася ў міграцыйны крызіс. Іміграцыя ператварыла Германію з монанацыянальнай краіны ў шматнацыянальную. Германія — краіна гарадоў, прычым ніводзін горад не вылучаецца завялікімі памерамі. Найбуйнейшая ўрбанізаваная зона ляжыць у сярэднім цячэнні Рэйна з адгалінаваннем па ягоным прытоку Рур і вядома як Рэйн-Рурскі мегалаполіс з ядрамі ў Дортмундзе і Эсэне.
Германія — высокаразвітая постіндустрыяльная краіна, што валодае магутнай сучаснай эканомікай. З’яўляецца вялікай дзяржавай, сусветным тэхналагічным і прамысловым лідарам. Па паказчыку намінальнага валавога ўнутранага прадукту Германія знаходзіцца на першым месцы ў Еўропе і на чацвёртым у свеце. У 2014 годзе яна займала трэцяе месца па аб’ёмах імпарту і экспарту. Германія мае адзін з найвышэйшых паказчыкаў індэкса чалавечага развіцця ў свеце. У ФРГ дамінуе канцэпцыя сацыяльнай рынкавай эканомікі: нават сярод еўрапейскіх дзяржаў Германія вылучаецца высокім узроўнем жыцця, сацыяльнай бяспекі, аховы здароўя, вышэйшай адукацыі, клопатам аб навакольным асяроддзі. Германія з’яўляецца адной з краін-заснавальніц Еўрапейскага Саюза, асновай Еўразоны. Таксама ФРГ удзельнічае ў ААН, НАТА, Вялікай сямёрцы (G7) і Дваццатцы (G20).
Вялікія і славутыя сыны Германіі здзейснілі шмат дасягненняў у мастацтве і архітэктуры, музыцы, філасофіі і кіно, кухні і спорце, навуцы і культуры. На тэрыторыі краіны размешчаны 44 аб’екты, якія ўключаны ў склад Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.