Чэхія
краіна ў Цэнтральнай Еўропе / From Wikipedia, the free encyclopedia
Чэ́хія, Чэ́шская Рэспу́бліка (чэшск.: Česká republika) — краіна ў Цэнтральнай Еўропе, не мае выхаду да мора. Чэхія мяжуе з Польшчай, Германіяй, Аўстрыяй і Славакіяй. Краіна складаецца з двух гістарычных рэгіёнаў — Багеміі і Маравіі, а таксама часткі Сілезіі і Ніжняй Аўстрыі.
| |||||
Дэвіз: «Pravda vítězí» «Праўда перамагае» | |||||
Гімн: «Kde domov můj» | |||||
Дата незалежнасці | 1 студзеня 1993 (ад Чэхаславакіі) | ||||
Афіцыйная мова | чэшская | ||||
Сталіца | Прага | ||||
Найбуйнейшыя гарады | Прага, Брно, Острава, Пльзень | ||||
Форма кіравання | Парламенцкая рэспубліка | ||||
Прэзідэнт Прэм’ер-міністр | Петр Павел Петр Фіяла | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні | 116-я ў свеце 78.866 км² 2 | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2017) • Шчыльнасць | 10.578.820[1] чал. (85-я) 134 чал./км² | ||||
ВУП (ППЗ) • Разам (2017) • На душу насельніцтва |
$368,659 млрд[2] (51-ы) $34.849,351[2] (38-ы) | ||||
ВУП (намінал) • Разам (2017) • На душу насельніцтва |
$196,068 млрд [2] (49-ы) $18.534,333[2] (36-ы) | ||||
ІРЧП (2016) | ▲0,878[3] (вельмі высокі) (28-ы) | ||||
Этнахаронім | чэх, чэшка, чэхі | ||||
Валюта | чэшская крона (Kč ,CZK) | ||||
Авіякампанія | České aerolinie | ||||
Інтэрнэт-дамены | .cz, .eu | ||||
Код ISO (Alpha-2) | CZ | ||||
Код ISO (Alpha-3) | CZE | ||||
Код МАК | CZE | ||||
Тэлефонны код | +420 | ||||
Часавыя паясы | +1, улетку +2 |
Рэльеф Чэхіі ўзгорысты, па перыметры краіну аблямоўваюць сярэдневышынныя горы: Чэшскі Лес, Шумава, Судэты. Да апошніх належыць найвышэйшы пункт — гара Снежка (1603 метры). Чэхія багатая на паклады каменнага і бурага вугалю. Клімат умераны, з выразнымі кантынентальнымі рысамі. Рэкі Чэхіі належаць да трох мораў: Чорнага (Марава), Балтыскага (Одра) і Паўночнага (Эльба і Влтава). Лясы займаюць 35 % плошчы краіны і добра захаваліся ў гарах: ніжэй — дубавыя і букавыя, вышэй — хваёвыя.
Першая на чэшскіх землях дзяржава ўзнікла ў VII стагоддзі і неўзабаве стала часткай Вялікай Маравіі. У пачатку XI стагоддзя Багемія (гістарычная назва чэшскіх земляў) увайшла ў склад Свяшчэннай Рымскай імперыі. Залатым векам Багеміі стала XIV стагоддзе, калі яе кароль Карл IV атрымаў уладу над усёй імперыяй і заснаваў рэзідэнцыю ў Градчанах. Пачатак наступнага стагоддзя быў адзначаны Чэшскай рэфармацыяй і гусіцкімі войнамі. У XVI стагоддзі Багемія трапляе пад уладу аўстрыйскіх Габсбургаў. 1618 годзе чэхі ўзнялі антыфеадальнае і антыгабсбургскае паўстанне, якое дало штуршок даТрыццацігадовай вайны. Паўстанне было жорстка задушана і для чэшскага народа пачаліся цёмныя часы анямечвання і акаталічвання: У пачатку ХІХ стагоддзя ў Чэхіі пачынаецца перыяд чэшскага нацыянальнага адраджэння. У Першай сусветнай вайне чэхі ваявалі не толькі на баку Аўстра-Венгрыі, але і ў арміях Антанты. У 1918 была абвешчана незалежная Чэхаславакія, а яе прэзідэнтам стаў Томаш Масарык. У Другую сусветную вайну Чэхія была акупавана фашысцкай Германіяй. У 1948 адроджаная Чэхаславакія абрала камуністычны шлях развіцця. Рэформы, распачатыя вясной 1968, выклікалі ўвядзенне войскаў дзяржаў Варшаўскага дагавора ў жніўні таго ж года, акупацыю краіны і скасаванне ўсіх ліберальных заваёў. У 1989 Чэхаславакія мірна развіталася з камуністычным ладам у выніку аксамітнай рэвалюцыі, 1 студзеня 1993 Чэхія і Славакія афіцыйна разышліся (у адрозненні ад распаду Югаславіі, гэтаксама аксамітна — без крыві). У 1999 годзе Чэхія далучылася да НАТА, у 2004 годзе — да Еўрасаюза, у 2007 стала часткай Шэнгенскай зоны.
Дэмакратычная парламенцкая рэспубліка. Унітарная дзяржава, дзеліцца на 13 краёў. Уваходзіць у ЕС, НАТА, Шэнгенскае пагадненне, АБСЕ, Савет Еўропы.
Насельніцтва Чэхіі складае 10,6 млн чалавек. 95 % жыхароў краіны — чэхі, другі па колькасці заходнеславянскі народ. У рэлігійным складзе пераважаюць каталікі, але іх усяго 20 %, паколькі Чэхія вядомая як адна з найбольш атэістычных краін свету. Урбанізацыя складае 74 %: у Празе жыве 1,3 млн чал, больш за 100 000 жыхароў маюць Брно, Острава, Пльзень, Ліберац, Оламаўц.
Чэхія — эканамічна развітая краіна, высокапрыбытковая (паводле класіфікацыі Сусветнага банку) сацыяльна-арыентаваная рынкавая эканоміка. Першая дзяржава Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, прынятая ў Арганізацыю эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (1995). З 2004 года з’яўляецца сябрам ЕС. Чэхія прызнана адной з самых бяспечных краін свету.