Мастэрс 2013 (снукер)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ма́стэрс 2013 (англ.: Masters 2013, таксама вядомы як Betfair Masters 2013 — ад назвы спонсара) — прафесійны нярэйтынгавы турнір па снукеры, які праходзіў з 13 па 20 студзеня 2013 года ў Аляксандра-палацы ў Лондане, Англія. Найпрэстыжнейшае і найбуйнейшае па прызавых грошах запрашальнае снукернае спаборніцтва, а таксама другое спаборніцтва Трайной кароны ў сезоне 2012/2013. Турнір стаў 39-м розыгрышам Мастэрс, які праходзіць штогод з 1975 года. Кампанія «Betfair» упершыню спансавала турнір Мастэрс. Прызавы фонд турніру склаў £500 000, з якіх £175 000 (на £25 000 больш, чым у мінулым годзе) атрымаў пераможца. Першы прыз Мастэрс 2013 стаў самым высокім на турніры з 2003 года.
Мастэрс 2013 | |
Сезон | 2012/2013 |
---|---|
Тэрміны | 13 — 20 студзеня 2013 |
Арэна | «Аляксандра-палац» |
Горад | Лондан |
Краіна | Англія |
Арганізацыя | WPBSA |
Спонсар | Betfair |
Фармат | Нярэйтынгавы турнір |
Агульны прызавы фонд | £500,000 |
Прызавыя пераможцы | £175,000 |
Мінулы чэмпіён | Ніл Робертсан |
Фінал | |
Пераможца | Марк Сэлбі |
Фіналіст | Ніл Робертсан |
Лік | 10:6 |
Статыстыка турніру | |
Колькасць удзельнікаў | 16 |
Колькасць матчаў | 15 |
Колькасць фрэймаў | 152 |
Колькасць соценных серый | 20 |
Найвышэйшая серыя | 138 (Марк Ален) |
←2012 ● Мастэрс ● 2014→ |
У турніры прыняло ўдзел 16 снукерыстаў, якія займалі найвышэйшыя пазіцыі ў сусветным рэйтынгу. Яны ўсе гулялі на выбыванне пачынаючы са стадыі 1/8 фіналу. Замест Стывена Лі (дзявятага нумара рэйтынгу), які быў адхілены ад удзелу ў прафесійных турнірах у сувязі з расследаваннем справы аб падазроных стаўках, у турніры ўдзельнічаў Марк Дэвіс, які займаў 17-ы радок у рэйтынгу. Усе паядынкі турніру гуляліся за адным сталом на арэне Аляксандра-палаца.
Чатырохразовы пераможца Мастэрс Роні О’Саліван упершыню з 1993 года не прымаў удзел на турніры. На стадыі 1/4 фіналу другі нумар сусветнага рэйтынгу Джад Трамп атрымаў разгром з лікам 6:1 ад шатландца Грэма Дота, які ўпершыню ў сваёй кар’еры дайшоў да паўфіналу Мастэрс, але саступіў там лідару рэйтынгу Марку Сэлбі з лікам 5:6. У другім паўфінале гулялі абодва фіналісты леташняга розыгрышу Ніл Робертсан і Шон Мёрфі, і аўстраліец, які перайграў Мёрфі ў фінале 2012 года з лікам 10:6, зноў атрымаў перамогу над праціўнікам (6:2), і ў другі раз запар выйшаў у фінал лонданскага запрашальнага спаборніцтва. Найвышэйшую серыю на Мастэрс 2013, 138 ачкоў, выканаў Марк Ален у чвэрцьфінальным паядынку супраць Ніла Робертсона.
Пераможцам турніру стаў Марк Сэлбі, які перамог на шляху да тытула Сцюарта Бінэма (6:5), выйграўшы 5 фрэймаў запар пасля ліку 1:5 на карысць апанента, двухразовага пераможцу Мастэрс Марка Уільямса (6:1), Грэма Дота (6:5) у паўфінальным паядынку, які доўжыўся больш за чатыры з паловай гадзіны, і Ніла Робертсана ў фінальным матчы з лікам 10:6. Такім чынам, Ніл Робертсан упершыню прайграў матч у Аляксандра-палацы, спыніўшы сваю пераможную серыю на гэтай арэне, якая дасягнула 7 матчаў. Сэлбі, які выйграваў на гэтым спаборніцтве ў 2008 і 2010 гадах, у трэці раз перамог на турніры і стаў шостым снукерыстам у гісторыі, які выйграў Мастэрс больш за два разы, пасля Кліфа Торбурна, Стывена Хендры, Стыва Дэвіса, Пола Хантэра і Роні О’Салівана. Перамогшы на Мастэрс, Марк Сэлбі выйграў другі тытул «Трайной кароны» запар (да гэтага ён атрымаў перамогу на чэмпіянаце Вялікабрытаніі ў снежні 2012 года), што адбылося ўпершыню з сезона 2002/2003, калі валіец Марк Уільямс выйграў усе турніры «Трайной кароны». Гэтая перамога стала чацвёртым прафесійным тытулам Сэлбі ў сезоне 2012/2013 і адзінаццатым у кар’еры.