Прадпрыемства
From Wikipedia, the free encyclopedia
Прадпрыемства — самастойны, арганізацыйна-адасоблены гаспадарчы суб’ект з правамі юрыдычнай асобы, які вырабляе і прадае тавары, выконвае работы, аказвае паслугі[1][2][3].
У сучасных умовах прадпрыемства з’яўляецца асноўным звяном рынкавай эканомікі, паколькі менавіта на гэтым узроўні ствараюцца патрэбныя грамадству тавары, аказваюцца неабходныя паслугі. Прадпрыемства як юрыдычная асоба мае права займацца любой гаспадарчай дзейнасцю, якая не забаронена заканадаўствам і адпавядае мэтам стварэння прадпрыемства, прадугледжаным у статуце прадпрыемства. Прадпрыемства мае самастойны баланс, разліковы і іншыя рахункі ў банках, пячатку са сваім найменнем.
Маёмасны комплекс, які лічыцца на балансе прадпрыемства, выкарыстоўваецца ім для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці. Уключае ў сябе ўсе віды маёмасці, якія выкарыстоўваюцца для гэтай дзейнасці, у тым ліку:
- зямельныя ўчасткі;
- будынкі, збудаванні, аўтамабільныя дарогі і чыгуначныя шляхі;
- абсталяванне, інвентар;
- сыравіну;
- прадукцыю;
- правы патрабавання;
- даўгі;
- выключныя правы (фірменнае найменне, таварныя знакі і знакі абслугоўвання);
- грашовыя сродкі на рахунках прадпрыемства і ў касе прадпрыемства.
Прадпрыемства — гэта адасобленая спецыялізаваная адзінка, асноўнай прыкметай якой з’яўляецца прафесійна арганізаваны працоўны калектыў, здольны з дапамогай наяўных у яго распараджэнні сродкаў вытворчасці вырабіць патрэбны спажыўцу тавар (выканаць працы, аказаць паслугі) адпаведнага значэння, профілю і асартыменту. Вытворчае прадпрыемства таксама называюць вытворчасцю[4].