Полацкі Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр
From Wikipedia, the free encyclopedia
Спа́са-Эўфрасі́ньнеўскі манасты́р — помнік архітэктуры XII — пачатку XX стагодзьдзяў у Полацку. Знаходзіцца ў паўночнай частцы места, на правым беразе ракі Палаты, у прадмесьці Спасе пад адрасам вуліца Эўфрасіньні Полацкай, 89. Заснаваны Сьвятой Эўфрасіньняй Полацкай, пры пабудове быў у юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату, цяпер — у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Дзее. Твор архітэктуры мясцовай школы, барока і клясыцызму, а таксама дададзенай уладамі Расейскай імпэрыі расейскай эклектыкі. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр | |
Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр | |
Краіна | Беларусь |
места | Полацак |
Каардынаты | 55°30′14.79″ пн. ш. 28°46′47.98″ у. д. |
Эпархія | Полацкая япархія[d] |
Архітэктурны стыль | Полацкая школа дойлідзтва[d] |
Дата заснаваньня | 1125 год |
Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
Стан | Дзейны манастыр |
Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр | |
Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр на Вікісховішчы |
Комплекс Полацкага Спаскага жаночага манастыра сфармаваўся да пачатку XX ст. і складаецца з разьмешчаных курданэрам вакол невялікага пляцу цэркваў Сьвятога Спаса (XII ст., у другой палове XIX ст. расейскія ўлады ў рэчышчы палітыкі русіфікацыі зьнявечылі яе мастацкае аблічча купалам-цыбулінай), Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай (1847 год, пераробленая з жылога дома[1]) і Ўзьвіжаньня Сьвятога Крыжа (1893—1897; мураўёўка), а таксама брамы-званіцы (XVI ст., з прыбудаванай у другой палове XIX ст. вежай з купалам-цыбулінай), 2-павярховага манастырскага корпуса (пачатак XVIII ст.), жылых і гаспадарчых будынкаў з садам. У другой палове XIX ст. да брамы прыбудавалі два бакавыя жылыя карпусы, у пачатку XX ст. з заходняга боку брамы паставілі 2-павярховы жылы корпус. Таксама на тэрыторыі манастыра захаваліся рэшткі царквы-пахавальні полацкіх япіскапаў XII стагодзьдзя.
У манастыры захоўваліся Крыж Эўфрасіньні Полацкай, зроблены ў 1161 годзе, і цудоўны абраз Маці Божай Этэскай-Карсунскай. За часамі маскоўскай акупацыі Полацку ў вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў Крыж разам з цудоўным абразом забраў гаспадар Маскоўскай дзяржавы Аляксей Міхайлавіч у выправу на Рыгу ў 1656—1667 гадох. У 1659 годзе Крыж вярнулі ў манастыр, аднак цудоўны абраз вывезьлі ў Маскву[2]. Урэшце, Крыж згубіўся ў Другую Сусьветную вайну, калі ён мог трапіць у расейскія музэйныя сховішчы[3], аднак у 2020—2021 гадох зьявіліся сьведчаньні і аргумэнты за тое, што напраўду Крыж патаемна ад грамадзкасьці захоўвае Расейская праваслаўная царква, у рызьніцы патрыярха маскоўскага Троіца-Сергіевай лаўры[4]. У 1997 годзе ў манастыр перадалі копію Крыжа, вырабленую берасьцейскім мастаком Міколам Кузьмічом.