Led Zeppelin
From Wikipedia, the free encyclopedia
Led Zeppelin (даслоўна: «алавяны дырыжабль») — брытанскі рок-гурт, які быў створаны ў 1968 годзе гітарыстам Джымі Пэйджам, сьпеваком Робэртам Плантам, мультыінстумэнталістам Джонам Полам Джонзам і бубначом Джонам Бонэмам. За моцны гітарны гук Led Zeppelin вядомыя як адзін зь першых гэві-мэталёвых гуртоў[1][2][3][4]. «Rolling Stone» прызнаў гурт найбольш уплывовымі першапачынальнікамі стылю гэві-мэтал[5]. Аднак на самой справе Led Zeppelin не належаць да нейкага азначанага стылю, бо за час свайго існаваньня яны пастаянна зьмяняліся[6]. Інтэрпрэтацыя гуртом жанраў фолку і блюзу[7] таксама ўключала ракабілі[8], рэгі[9], соўл[10], фанк[10], клясычную музыку, кельцкія, індыйскія, арабскія, лацінаамэрыканскія і кантры[11]-кампазыцыі. Гурт не выпускаў самотнікаў у Вялікабрытаніі, бо імкнуўся да альбомна-арыентаванага року[12][13]. Самотнікі выпускаліся выключна ў ЗША.
Led Zeppelin | |
Led Zeppelin, студзень 1975, Чыкага | |
Інфармацыя | |
---|---|
Гады | 1968—1980, асобныя выступы ў 1985, 1988, 1995, 2007 |
Адкуль | Вялікабрытанія |
Мова | Ангельская |
Жанр(ы) | гард-рок, гэві-мэтал, блюз-рок, фальк-рок |
Выдавец | Atlantic Records, Decca Records, Swan Song Records |
Удзельнікі | Джымі Пэйдж Робэрт Плант Джон Пол Джонз Джон Бонэм |
Узнагароды і прэміі | |
ledzeppelin.com |
Цягам амаль 30 гадоў пасьля распаду, выкліканага сьмерцю Бонэма ў 1980 годзе, гурт працягвае заставацца высока ацэненым за іх мастацкія дасягненьні, камэрцыйны посьпех і моцны ўплыў. Было прадана больш за 200 мільёнаў альбомаў па ўсім сьвеце[14][15][16], у тым ліку 111,5 мільёну сэртыфікаваных продажаў у ЗША[17]. Усе іх арыгнальныя студыйныя альбомы траплялі ў Billboard Top 10 у ЗША[18], 6 зь іх занялі першае месца. Led Zeppelin прызнаныя #1 у сьпісе каналу VH1 «Найлепшыя выканаўцы стылю гард-рок»[19]. Часопіс Rolling Stone апісвае гурт як «найцяжэйшы гурт усіх часоў» і «найвялікшы гурт 1970-х»[20].