Адукацыя ў Беларусі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Адука́цыя ў Беларусі (асьве́та ў Белару́сі) — навучаньне і выхаваньне ў Беларусі ў зацікаўленасьцях навучэнцаў, накіраваныя на засваеньне імі ведаў, уменьняў і навыкаў. Паводле 12-га артыкула Кодэксу Рэспублікі Беларусь «Аб адукацыі» ад 23 студзеня 2011 году, асноўная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь улучае ў сябе 6 узроўняў: дашкольную, агульную сярэднюю, прафэсійна-тэхнічную, сярэднюю спэцыяльную, вышэйшую і пасьляўнівэрсытэцкую адукацыю. Дадатковая асьвета падзяляецца на 2 віды: для дзяцей і моладзі і для дарослых. Адмысловае (спэцыяльнае) навучаньне прызначаецца для людзей зь цялеснымі і душэўнымі парушэньнямі зь іх улікам і для іх выпраўленьня і ажыцьцяўляецца на дашкольным і агульным сярэднім узроўнях. Паводле 17-га артыкула Кодэксу «Аб адукацыі», «Профілі адукацыі, напрамкі адукацыі, спэцыяльнасьці, напрамкі спэцыяльнасцяў, спэцыялізацыі вызначаюцца ў адпаведнасьці з Агульнадзяржаўным клясыфікатарам Рэспублікі Беларусь „Спэцыяльнасьці і кваліфікацыі“» (АКРБ 011—2009), зацьверджаным Пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 2 чэрвеня 2009 году № 36 для прафэсійна-тэхнічнай, сярэдняй спэцыяльнай і вышэйшай асьветы. Тым часам «Адукацыйныя праграмы пасляўнівэрсытэцкай адукацыі рэалізуюцца па спэцыяльнасьцях, якія адпавядаюць намэнклятуры спэцыяльнасьцяў навуковых работнікаў Рэспублікі Беларусь, якая зацьвярджаецца Найвышэйшай атэстацыйнай камісіяй Рэспублікі Беларусь»[1].