Кава
параны напой зь зерня кавы / From Wikipedia, the free encyclopedia
Ка́ва (араб. qahwa, турэц. kahve) — напой з пражаных, а пасьля змолатых альбо інстантызаваных зёрнаў кававага дрэва, які звычайна падаецца гарачым. Адзін з найпапулярнейшых напояў на плянэце і асноўная крыніца кафэіну. Кава абуджае і бадзёрыць, паскарае абмен рэчываў і паляпшае здольнасьць мысьленьня. Штогод вырабляецца каля 6,7 мільёнаў тон кавы. Дагэтуль не даведзены адмоўны ўплыў кавы на арганізм чалавека. Аднак празьмернае спажываньне кавы можа мець шкодны ўплыў на здароўе чалавека. Для прыгатаваньня кубка кавы бяруць 10 грамаў парашку молатага зерня кавы, якія заліваюць шклянкай кіпеню. Атрыманы напой настойваюць 5 хвілінаў[1].
Вырошчваньне кавы пачалося ў Паўднёвай Арабіі. Самы раньні дакладны доказ ужываньня напою з кавы адносіцца да сярэдзіны XV стагодзьдзя ў Емэне. Ва Ўсходняй Афрыцы й Емэне, кава выкарыстоўвалася ў працэсіі рэлігійных абрадаў. Менавіта праз гэта Этыёпская царква наклала забарону на сьвецкае спажываньне кавы да часоў панаваньня імпэратара Мэнэліка II[2]. Напой быў таксама забаронены ў Асманскай імпэрыі ў XVII стагодзьдзі паводле палітычных чыньнікаў[3]. у Эўропе кава зьявілася каля XVI стагодзьдзя.
Кава зьяўляецца важным экспартным таварам[4]. Зялёная (неабсмажаная) кава ёсьць адным з найбольш прадаваных сельскагаспадарчых тавараў у сьвеце[5].