Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь
Дзяржаўны архіў Беларусі, заснаваны ў траўні 1927 году. / From Wikipedia, the free encyclopedia
Нацыяна́льны архі́ў Рэспу́блікі Белару́сь — дзяржаўны архіў Беларусі, заснаваны ў траўні 1927 году ў Менску.
- Ня варта блытаць з Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі — сховішчам дакумэнтаў XIV—XX стагодзьдзяў.
Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь | |
НАРБ з тыльнага боку будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі | |
Абрэвіятура | НАРБ |
---|---|
Дата ўтварэньня | 28 траўня 1927 (96 гадоў таму) |
Тып | архіў |
Юрыдычны статус | дзяржаўная ўстанова |
Мэта | захоўваньне архіўнага фонду Беларусі |
Штаб-кватэра | Менск, Першамайскі раён, прасп. Незалежнасьці, д. 116 |
Месцазнаходжаньне | Беларусь |
Каардынаты | |
Кіраўнік | Андрэй Дземянюк |
Матчына кампанія | Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь |
Сайт | narb.by |
Колішняя назва | Цэнтральны архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі БССР (да ліпеня 1938 г.), Цэнтральны дзяржаўны архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва БССР (да траўня 1993 г.), Беларускі дзяржаўны архіў (да чэрвеня 1995 г.) |
НАРБ захоўвае дакумэнты органаў дзяржаўнай улады і кіраваньня Беларусі, рэспубліканскіх, партыйных, камсамольскіх, прафсаюзных, грамадзкіх і каапэратыўных установаў, ВНУ, установаў Часовага ўраду Расеі на землях Беларусі, беларускіх нацыянальных і нямецкіх акупацыйных установаў часоў акупацыі Нямеччынай і Польшчай, асабістыя фонды дзяржаўных і грамадзкіх дзеячоў Беларусі з сакавіка 1917 году да нашых дзён. Дакумэнты адлюстроўваюць падзеі Лютаўскай рэвалюцыі і кастрычніцкага перавароту, усталяваньня савецкай улады ў Беларусі, утварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі і Беларускай ССР, дзейнасьць Камуністычнай партыі Беларусі і Ленінскага камсамолу Беларусі, аднаўленьне народнай гаспадаркі і разьвіцьцё культуры ў 1920-я гады, сацыялістычнае будаўніцтва, народна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусі, нямецкі акупацыйны рэжым, барацьбу беларускага народа супраць акупантаў, разьвіцьцё партызанскага руху і патрыятычнага падпольля ў гады Нямецка-савецкай вайны, аднаўленьне і разьвіцьцё гаспадаркі і культуры ў пасьля ваенны час, станаўленьне сувэрэннай Рэспублікі Беларусь. Архіў вядзе навукова-дасьледчую дзейнасьць, распрацоўвае пытаньні дакумэнтазнаўства, тэорыі і мэтодыкі архівазнаўства. Рыхтуе дакумэнтальныя выданьні[1].