Памяць (энцыкляпэдычнае выданьне)
беларускае энцыкляпэдычнае выданьне / From Wikipedia, the free encyclopedia
«Па́мяць» — шматтомнае сэрыйнае выданьне энцыкляпэдычнага характару гісторыка-дакумэнтальных хронікаў раёнаў і гарадоў Беларусі.
- Гэтая назва мае некалькі сэнсаў. Калі вас цікавяць іншыя сэнсы, глядзіце таксама Памяць (неадназначнасьць).
Ідэя выданьня такіх кнігаў належала Пятру Машэраву[1] і/або першаму рэктару, выкладчыку і ганароваму прафэсару Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры Алесю Петрашкевічу[2]. Выданьне пачатае выдавецтвам «Беларуская савецкая энцыкляпэдыя» імя П. Броўкі ў 1985 годзе. Першая кніга была прысьвечаная Шумілінскаму раёну. У першых двух кнігах асноўнай мовай зьяўлялася расейская. У сувязі з тым, што праца над кніжнай сэрыяй прасоўвалася вельмі марудна (адна кніга ў год), бо мясцовыя ўлады ў некаторых выпадках адмаўляліся дапамагаць у зборы матэрыялаў, была распрацаваная і прынятая пастанова Савету Міністраў Беларускай ССР ад 27 траўня 1991 году № 203 «Об издании в республике книг Памяти» (па-беларуску: «Аб выданьні ў рэспубліцы кнігаў Памяці»), якая таксама прадугледжвала абавязковы пераклад тэкстаў на беларускую мову (асобныя дакумэнты і матэрыялы на расейскай мове). Для падрыхтоўкі рукапісаў былі створаныя гарадзкія і раённыя камісіі з удзелам вучоных і краязнаўцаў. Пасьля гэтага над выданьнем кнігаў сэрыі пачалі працаваць усе дзяржаўныя выдавецтвы. Першапачаткова плянавалася, што кожны год будзе выдавацца да 10 кнігаў, а да 2000 году агульная колькасьць кнігаў дасягне 130. На 2015 год выдадзена 151 кніга.
Кожная кніга мае разьдзелы: «Ад часоў першабытных — 1917», «1917—1941», «1941—1945», «1945 — да нашых дзён». Цэнтральнае месца ў выданьні прысьвечана пэрыяду нямецка-савецкай вайны, у якім зьмешчаны сьпісы воінаў Чырвонай Арміі, што загінулі ў час абароны і вызваленьня раёну (гораду) і пахаваныя на яго тэрыторыі; воінаў-землякоў, якія загінулі ці прапалі бязь вестак; партызанаў, падпольшчыкаў, удзельнікаў антыфашысцкага руху, асобаў, якія садзейнічалі партызанскаму руху і падпольлю. У апошнім разьдзеле вельмі значныя падразьдзелы «Матэрыяльная і духоўная спадчына» і «3 гісторыі населеных пунктаў». У кнізе вялікае месца адведзенае дакумэнтальным матэрыялам. Кожнае выданьне багата праілюстраванае.