Прадпрыемства
самастойная гаспадарчая юрыдычная асоба, якая на падставе выкарыстаньня працоўным калектывам маёмасьці вырабляе тавары, аказвае паслугі / From Wikipedia, the free encyclopedia
Прадпрые́мства — самастойная гаспадарчая юрыдычная асоба, якая на падставе выкарыстаньня працоўным калектывам маёмасьці вырабляе тавары, аказвае паслугі і выконвае працы.
Мае права займацца законным статутным гаспадараньнем. Мае самастойны балянс, разьліковы банкаўскі рахунак і пячатку са сваім найменьнем. Віды: асабістае, дзяржаўнае, камунальнае, прыватнае, супольнае і сямейнае. Асабістыя і супольныя прадпрыемствы ўтвараюцца з маёмасьці грамадзянаў, сем'яў і калектываў, у тым ліку ў выніку набыцьця імі дзяржаўных і камунальных прадпрыемстваў. Камунальныя прадпрыемствы ўтвараюцца за кошт сродкаў мясцовага бюджэту адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі і ўласнасьці органа мясцовага самакіраваньня. Дзяржаўныя прадпрыемствы ўтвараюцца за кошт бюджэтных адлічэньняў і ўкладаў дзяржаўных установаў. Ва ўмовах рынкавай гаспадаркі дзейнічаюць такія віды прадпрыемстваў, як асацыяцыя, біржа, кансорцыюм, канцэрн, малае і сумеснае прадпрыемства, таварыства[1].
Паводле 132-га артыкула Грамадзянскага кодэксу Беларусі, «у склад прадпрыемства як маёмаснага комплексу ўваходзяць усе віды маёмасьці, прызначаныя для яго дзейнасьці, уключна зь зямельнымі дзялянкамі, капітальнымі пабудовамі (будынкамі, збудаваньнямі), незавершанымі закансэрваванымі капітальнымі пабудовамі, ізаляванымі памяшканьнямі, машына-месцамі, абсталяваньнем, інвэнтаром, сыравінай, прадукцыяй, правамі патрабаваньня, даўгамі, а таксама правамі на абазначэньні, якія індывідуалізуюць прадпрыемства, яго прадукцыю, працы і паслугі (фірмовае найменьне, таварныя знакі, знакі абслугоўваньня), і іншыя выключныя правы». Пры гэтым, «прадпрыемства ў цэлым або яго частка могуць быць аб’ектам куплі-продажу, закладу, арэнды і іншых зьдзелак, зьвязаных з усталяваньнем, зьмяненьнем і спыненьнем рэчавых правоў»[2].