Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну (з 2022)
поўнамаштабны ўзброены напад расейскіх войскаў на Ўкраіну, які пачаўся 24 лютага 2022 году / From Wikipedia, the free encyclopedia
Расе́йскае ўварва́ньне ва Ўкраі́ну — адкрыты напад на Ўкраіну войскаў Расеі, учынены 24 лютага 2022 году, а 5-й гадзіне раніцы. Уварваньне ёсьць часткай расейска-ўкраінскай вайны, распачатай Расеяй у 2014 годзе, удзел у якой расейскія ўлады бесьперапынна адмаўлялі.
Гэты артыкул апісвае актуальную падзею. |
Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну | |||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||||||
Супернікі | |||||||||||
Украіна | |||||||||||
Камандуючыя | |||||||||||
Колькасьць | |||||||||||
Пастаўка зброі: | |||||||||||
Страты | |||||||||||
каля 70 000 чалавек (на 18 жніўня 2023 году) | звыш 260 000 чалавек (на 18 верасьня 2023 году)[11] | ||||||||||
Агульныя страты | |||||||||||
Вайсковая кампанія пачалася па працяглым нарошчваньні расейскіх войскаў зь лістапада 2021 году каля граніцы Ўкраіны з Расеяй і Беларусьсю і абвяшчэньні Расеяй 21 лютага 2022 году «незалежнымі дзяржавамі» тэрарыстычных утварэньняў г. зв. «Данецкай народнай рэспублікі» і «Луганскай народнай рэспублікі». Практычна адначасна Ўзброеныя сілы Расейскай Фэдэрацыі пачалі непрыхованае перакідваньне дадатковых войскаў на акупаваныя тэрыторыі Данецкай і Луганскай вобласьцяў.
Каля 05:00 паводле кіеўскага часу (UTC+2) прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін абвясьціў пра вайсковую апэрацыю нібы з «дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі Ўкраіны»; праз хвіліны пачаліся ракетныя ўдары па ўсёй краіне, у тым ліку і ў межах сталіцы Кіева[13]. Тады ж расейскія войскі ўварваліся ва Ўкраіну каля Харкава, Хэрсону, Чарнігава, Сумаў, увайшоўшы з тэрыторыі Расеі і часова акупаваных расейскімі войскамі Беларусі і Крыму.
Праз рашучы супраціў украінскай арміі і сілаў самаабароны ўжо ў першыя дні агрэсіі расейская армія панесла значныя страты ў жывой сіле і тэхніцы. Паводле ацэнак Украіны, Расея ў сваёй найноўшай гісторыі ва ўсіх войнах, якія яна вяла, не панесла нават прыкладна такіх вялікіх стратаў за такі кароткі час. Паводле заходніх выведак, Расея сустрэла больш моцны супраціў, чым чакалася, што прывяло да праблем з матэрыяльна-тэхнічным забесьпячэньнем яе войскаў, браку паліва, баявых прыпасаў і харчоў, а таксама падрыву баявога духу нападнікаў. Хуткае аб’яднаньне сьвету дзеля дапамогі Ўкраіне, а таксама ўвядзеньне моцных санкцыяў супраць Расеі сталі нечаканым ударам для краіны-агрэсара[14].
Зь першага дня ўварваньня Расея парушае правілы вядзеньня вайны і зьдзяйсьняе масавыя ваенныя злачынствы[15][16]. 2 сакавіка 2022 году Генэральная асамблея ААН ўхваліла Рэзалюцыю з асуджэньнем расейскага ўварваньня ва Ўкраіну[17]. У Рэзалюцыі Генасамблея ААН заявіла, што «патрабуе ад Расейскай Фэдэрацыі»: 1) «безадкладна спыніць выкарыстаньне сілы супраць Украіны і ўстрымацца ад далейшай незаконнай пагрозы і выкарыстаньня сілы супраць усялякай дзяржавы-ўдзельніцы»; 2) «безадкладна, цалкам і безумоўна вывесьці ўсе вайсковыя сілы зь земляў Украіны ў міжнародна прызнаных межах»; 3) «безадкладна і безумоўна скасаваць рашэньне датычна стану пэўных мясцовасьцяў Данецкай і Луганскай вобласьцяў Украіны». У 10-м пункце Рэзалюцыі Генасамблея заявіла, што «асуджае ўдзел Беларусі ў гэтым незаконным выкарыстаньні сілы супраць Украіны і заклікае яе выканаць свае міжнародныя абавязкі». За Рэзалюцыю прагаласавалі прадстаўнікі 141 дзяржавы-ўдзельніцы ААН, якія складалі 73% ад агульнага ліку сябраў ААН[18]. 16 сакавіка 2022 году Сэнат Злучаных Штатаў Амэрыкі аднагалосна вызнаў Пуціна ваенным злачынцам[19]. У той жа дзень Міжнародны Суд ААН пастанавіў, што Расея мусіць неадкладна спыніць вайну ва Ўкраіне[20].